Псалтыр 8 псалом

Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Аляксандара Надсана

 
 

Кіраўніку хору. На мелодыю песні “Выціскальні...” Псальм Давідаў.
 
Кіраўніку хору. Пры вінапрэсе. Псалом Давіда.

Госпадзе, Госпад наш, якое ж дзівоснае імя Тваё па ўсёй зямлі, бо слава Твая ўзнялася вышэй нябёсаў.
 
Госпадзе, Госпад наш, якое дзівоснае імя Тваё па ўсёй зямлі! Бо велічнасьць Твая ўзьнялася вышэй за нябёсы.

Праз вусны дзяцей і немаўлят учыніў Ты хвалу дзеля ворагаў Тваіх, каб утаймаваць ворага і мсціўцу.
 
З вуснаў дзяцей і немаўлятаў Ты ўчыніў сабе хвалу дзеля ворагаў Тваіх, каб зьнішчыць ворага і мсьціўца.

Калі бачу нябёсы Твае, твор пальцаў Тваіх, месяц і зоркі, якія Ты заснаваў, —
 
Бо як гляну на неба, твор рук Тваіх, на месяц і зоркі, якія Ты заснаваў, —

то што ж ёсць чалавек, што Ты памятаеш пра яго, або сын чалавечы, што Ты адведваеш яго?
 
дык што ёсьць чалавек, што Ты памятаеш пра яго, і сын чалавечы, што Ты яго наведваеш?

Мала панізіў Ты яго за анёлаў, славаю і пашанаю ўвянчаў яго,
 
Ты зрабіў яго мала меншым за анёлаў, славаю і пашанаю вянчаў яго

і паставіў яго над стварэннямі рук Тваіх, і ўсё Ты кінуў пад ногі яго, —
 
і паставіў яго над творамі рук Тваіх, усё паклаў пад ногі яму:

авечак і быкоў усіх, і ў дадатак звяроў палявых,
 
авечкі і валы ўсе, дый яшчэ зьвяры палявыя,

птушак нябесных ды рыб марскіх, і ўсё, што ходзіць па шляхах марскіх.
 
птушкі нябесныя і рыбы ў моры, што рухаюцца па марскіх шляхах.

Госпадзе, Госпад наш, якое ж дзівоснае імя Тваё па ўсёй зямлі!
 
Госпадзе, Госпад наш, якое дзівоснае імя Тваё па ўсёй зямлі!