1 Кіраўніку хору. Пры вінапрэсе. Псалом Давіда.
2 Госпадзе, Госпад наш, якое дзівоснае імя Тваё па ўсёй зямлі! Бо велічнасьць Твая ўзьнялася вышэй за нябёсы.
3 З вуснаў дзяцей і немаўлятаў Ты ўчыніў сабе хвалу дзеля ворагаў Тваіх, каб зьнішчыць ворага і мсьціўца.
4 Бо як гляну на неба, твор рук Тваіх, на месяц і зоркі, якія Ты заснаваў, —
5 дык што ёсьць чалавек, што Ты памятаеш пра яго, і сын чалавечы, што Ты яго наведваеш?
6 Ты зрабіў яго мала меншым за анёлаў, славаю і пашанаю вянчаў яго
7 і паставіў яго над творамі рук Тваіх, усё паклаў пад ногі яму:
8 авечкі і валы ўсе, дый яшчэ зьвяры палявыя,
9 птушкі нябесныя і рыбы ў моры, што рухаюцца па марскіх шляхах.
10 Госпадзе, Госпад наш, якое дзівоснае імя Тваё па ўсёй зямлі!
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Псалтыр Давіда, псальм 8
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.