1 Кіраўніку хору. Псалом Давіда.
2 Нябёсы расказваюць пра славу Божую, і пра твор рук Яго абвяшчае нябесны прасьцяг.
3 Дзень дню кажа слова, і ноч ночы вестку перадае.
4 Няма моваў, ні словаў, на якіх ня чутныя галасы іх.
5 Па ўсёй зямлі разышоўся голас іх і аж да краёў сьвету словы іх. Вось Ён паставіў шацёр свой на сонцы,
6 і яно, быццам жаніх, выходзіць са сьвятліцы сваёй, як волат, цешыцца, прабягаючы свой шлях.
7 Ад краю неба выхад яго і бег яго да краю неба, і ніхто не схаваецца ад сьпёкі яго.
8 Закон Гасподні беззаганны, навяртае душы; сьведчаньне Гасподняе вернае, навучае дзетак;
9 пастановы Гасподнія правыя, яны радуюць сэрца; загад Гасподні сьветлы, прасьвятляе вочы;
10 страх Гасподні чысты, прабывае давеку; суды Гасподнія праўдзівыя, усе яны разам справядлівыя:
11 яны больш пажаданыя за золата і каштоўныя камяні, больш салодкія за мёд і соты.
12 Таму слуга Твой захоўвае іх: вялікая аддзяка ў іх захоўваньні.
13 Хто ўразумее правіны свае? Ад таемных маіх ачысьці мяне
14 і ад чужых захавай слугу Твайго: як ня будуць яны панаваць нада мною, буду тады беззаганны і ад вялікага граху ачышчуся.
15 І словы вуснаў маіх, і парывы сэрца майго будуць заўжды даспадобы Табе, Госпадзе, памочнік мой і Збаўца мой.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Псалтыр Давіда, псальм 18
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.