1 Псалом Давіда пры заканчэньні скініі. Прынясіце Госпаду, сыны Божыя, прынясіце Госпаду бараноў маладых, прынясіце Госпаду славу і пашану!
2 Прынясіце Госпаду славу імю Яго, пакланіцеся Госпаду на двары сьвятым Яго.
3 Голас Госпада над водамі! Бог славы загрымеў, Госпад над водамі многімі!
4 Голас Госпада магутны, голас Госпада велічны!
5 Голас Госпада, які кедры ламае: і зломіць Госпад кедры Лібану,
6 і скрышыць Ён іх, як цялятка лібанскае; а любы Яго — як сын аднарога.
7 Голас Госпада, які крэсіць полымя агню,
8 голас Госпада, які трасе пустыню: Госпад страсяне пустыню Кадыйскую.
9 Голас Госпада, які дае моц аленям і агаляе дубровы; а ў храме Яго кожны гаворыць пра славу.
10 Госпад засяляе патоп, і засядзе Госпад, як Уладар, давеку.
11 Госпад сілу людзям сваім дасьць, Госпад блаславіць людзей сваіх супакоем.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Псалтыр Давіда, псальм 28

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.