1 Псалом Асафа. Божа, чужынцы прыйшлі ў набытак Твой, апаганілі сьвяты храм Твой, складам гародніны зрабілі Ерусалім.
2 Трупы слугаў Тваіх аддалі на спажыву птушкам нябесным, зьвярам зямным — целы сьвятых Тваіх.
3 Пралілі кроў іх, як ваду, вакол Ерусаліму, і не было каму пахаваць іх.
4 Мы сталі ганьбаю для нашых суседзяў, прадметам пагарды і насьмешак для тых, што вакол нас.
5 Як доўга, Госпадзе, будзеш усё гневацца? Як доўга зайздрасьць Твая будзе палаць, як агонь?
6 Вылі гнеў Твой на народы, якія не пазналі Цябе, на валадарствы, якія ня клікалі імя Твайго,
7 бо яны зьелі Якуба і спустошылі месца яго.
8 Не прыгадай даўніх беззаконьняў нашых: хай хутка апярэдзяць нас міласьці Твае, Госпадзе, бо мы вельмі зьбяднелі.
9 Дапамажы нам, Божа, Збаўца наш, дзеля хвалы імя Твайго, збаў нас і ачысьці грахі нашыя дзеля імя Твайго,
10 каб часам чужынцы не казалі: «Дзе Бог іх?» І хай на вачах нашых стане вядомаю сярод народаў помста за пралітую кроў слугаў Тваіх.
11 Хай стогн вязьняў дойдзе да Цябе; сілаю пляча Твайго захавай бясьпечнымі сыноў памардаваных.
12 Аддай у сем разоў суседзям нашым у нутро іх зьнявагу, якою яны Цябе, Госпадзе, зьняважылі.
13 А мы, людзі Твае і авечкі паствы Тваёй, будзем славіць Цябе давеку, з роду ў род абвяшчаць будзем хвалу Тваю.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Псалтыр Давіда, псальм 78
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.