1 Хвалебная песьня Давіда. Той, хто жыве з дапамогай Усявышняга, пад покрывам Бога нябеснага паселіцца;
2 скажа Госпаду: «Ты мой заступнік, прытулак мой, Бог мой, і на Яго спадзявацца буду».
3 Бо Ён выбавіць цябе ад сецяў лаўца і ад злоснага слова.
4 Ён пакрые цябе плячамі сваімі, і пад крыламі Яго будзеш жыць бясьпечна. Праўда Яго, як панцыр, ахіне цябе.
5 Не збаісься жаху начнога, ні стралы, што ляціць удзень,
6 ні страху, што ходзіць поцемкам; ні напасьці і беса паўдзённага.
7 Тысяча падзе побач цябе і дзесяць тысяч праваруч цябе, але да цябе не наблізіцца.
8 Ты толькі глянеш вачыма тваімі — і ўбачыш адплату грэшнікам.
9 Бо ты сказаў: «Ты, Госпадзе — надзея мая». Усявышняга ты выбраў сабе за прытулак.
10 Бяда не сустрэне цябе, і пошасьць не наблізіцца да жыльля твайго,
11 бо Ён загадае анёлам сваім пра цябе сьцерагчы цябе на ўсіх шляхах тваіх.
12 На руках панясуць цябе, каб не спатыкнуцца аб камень назе тваёй.
13 На асьпіда і базыліска наступіш і патопчаш ільва і зьмяю.
14 «Таму, што ён усклаў надзею на Мяне, Я выбаўлю яго і абараню яго, бо ён спазнаў імя Маё.
15 Будзе клікаць Мяне, і Я пачую яго; буду з ім у дзень суму, выбаўлю яго і ўслаўлю яго.
16 Даўгатою дзён насычу яго і дам яму ўбачыць збаўленьне Маё».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Псалтыр Давіда, псальм 90

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.