1 Песьня. Псалом Асафа.
2 Божа, хто будзе падобны да Цябе? Не маўчы і не глядзі спакойна, Божа!
3 Бо вось ворагі Твае зашумелі і тыя, што Цябе ненавідзяць, узьнялі галаву;
4 супраць народу Твайго задумалі благое і ўчынілі нараду супраць сьвятых Тваіх.
5 Сказалі: «Хадзіце, вынішчым іх з-паміж народаў, і хай не застанецца згадкі пра імя Ізраіля!»
6 Бо разам аднадушна раіліся, супраць Цябе ўчынілі змову
7 селішчы ідумэяў і ізмаэлітаў, маабіты і агараны,
8 Гэвал, Аммон і Амалек, чужынцы з жыхарамі Тыру,
9 і нават Асур прыйшоў з імі: яны сталі дапамогаю для сыноў Лота.
10 Зрабі ім тое, што Мадыяму і Сісару, што Явіну ля патоку Кісон,
11 якія былі зьнішчаныя ў Аэндоры, сталі гноем зямлі.
12 Пакладзі князёў іх, як Арыва і Зіва, як Забэя і Салмана, усіх князёў іх,
13 што казалі: «Возьмем у спадчыну сабе сьвятыню Божую».
14 Божа мой, пакладзі іх як кола, як трысьціну супраць ветру:
15 як агонь, што паліць лес, і як полымя, што паглынае горы,
16 так Ты будзеш гнаць іх бураю Тваёю і гневам Тваім учыніш перапалох сярод іх.
17 Пакрый твары іх ганьбаю, і яны будуць шукаць імя Твайго, Госпадзе.
18 Хай засаромеюцца і сумеюцца на век вякоў, хай асаромяцца і згінуць.
19 Хай пазнаюць, што імя Табе — Госпад: Ты адзіны Найвышэйшы на ўсёй зямлі.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Псалтыр Давіда, псальм 82
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.