1 Кіраўніку хору. Песьня Давіда ў час трывогі.
2 На Цябе, Госпадзе, я ўсклаў надзею, хай не пасаромеюся давеку: вызвалі мяне ў праведнасьці Тваёй і ратуй мяне.
3 Нахілі вуха Тваё да мяне, сьпяшайся выратаваць мяне, будзь мне Богам абаронцам і домам прытулку, каб збавіць мяне.
4 Бо Ты — сіла мая і прытулак мой, і дзеля імя Твайго павядзеш і захаваеш мяне.
5 Ты выведзеш мяне з той сеці, якую ўпотай паставілі на мяне, бо Ты, Госпадзе, — мой абаронца.
6 У рукі Твае аддам дух мой: Ты, Госпадзе, Божа праўды, вызваліў мяне.
7 Ты ўзьненавідзеў тых, што дарэмна трымаюцца марнасьцяў: а я спадзяваўся на Госпада.
8 Буду радавацца і цешыцца міласьцю Тваёю, бо Ты глянуў на пакорнасьць маю, выбавіў ад бяды душу маю
9 і не пакінуў мяне ў руках ворага, паставіў на месцы прасторным ногі мае.
10 Зьмілуйся нада мною, Госпадзе, бо я ў бядзе. У гневе ўсхвалявалася вока маё, душа мая і нутро маё.
11 Бо змарнела ў пакутах жыцьцё маё і гады мае — у стогнах. Зьнемаглася ад суму сіла мая, і косьці мае ўстрывожыліся.
12 Я стаў агідаю для ўсіх ворагаў маіх, а найбольш для суседзяў, страхоцьцем для знаёмых маіх: тыя, што бачылі мяне вонкі, уцякалі ад мяне.
13 Яны забылі мяне ў сэрцы, быццам памерлага: я стаў як выкінуты посуд.
14 Бо я чуў злосныя словы многіх, што жылі навокал: сабраўшыся разам супраць мяне, яны намерваліся ўзяць душу маю.
15 А я, Госпадзе, на Цябе спадзяваўся; я сказаў: «Ты — Бог мой!»
16 У руках Тваіх лёс мой: выбаў мяне ад рукі ворагаў маіх і ад тых, што перасьледуюць мяне.
17 Яві твар Твой слугу Твайму, збаў мяне ў міласэрнасьці Тваёй.
18 Хай не пасаромеюся, што клікаў Цябе, Госпадзе. Хай бязбожныя пакрыюцца сорамам і сыдуць у апраметную.
19 Хай анямеюць хлусьлівыя вусны, што зьняважліва і пыхліва гавораць беззаконнае на праведнага.
20 Якая вялікая, Госпадзе, сіла дабрыні Тваёй, якую Ты зьбярог для тых, што баяцца Цябе, і якую Ты прыгатаваў на вачах сыноў людзкіх тым, што на Цябе спадзяюцца!
21 Ты схаваеш іх у тайніку твару Твайго ад закалоту людзкога, у шатры захаваеш іх ад языкоў сварлівых.
22 Блаславёны Госпад, які явіў дзівосную міласьць сваю ў абарончым месьце.
23 Я ж у зьбянтэжанасьці сваёй сказаў: «Адкінуты я ад вачэй Тваіх!» Але Ты, Госпадзе, пачуў голас малітвы маёй, калі я клікаў Цябе.
24 Любіце Госпада, усе праведныя Яго, бо Госпад вымагае праўду і аддае па заслугах тым, што праяўляюць бязьмерную пыху.
25 Будзьце мужнымі — і хай мацнее сэрца вашае — усе вы, што спадзеяцеся на Госпада!
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Псалтыр Давіда, псальм 30
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.