Падзяка за ратунак ад сьмерці

1 Псальм Давідавы. Песьня на асьвячэньне храму.(а)
2 Славіць Цябе буду, Госпадзе: Ты вызваліў мяне
і ня даў маім ворагам цешыцца нада мною.
3 Госпадзе, Божа мой, да Цябе я клікаў,
а Ты вылячыў мяне.
4 Госпадзе, Ты вывеў душу маю з пекла,
ажыўляючы мяне між тых, што сходзяць у магілу.
5 Радуйцеся ў Госпадзе тыя, што любіце Яго:
выхваляйце памяць сьвятасьці Яго!
6 Бо гнеў ягоны трывае хвіліну,
а ласкавасьць — на ўсё жыцьцё:
увечары плач завітае, а на раніцы — крык радасьці!
7 А я сказаў у сваім шчасьці:
“Нішто не захістае мяне навекі!”.
8 Госпадзе, Ты ласкай сваей мяне ўмацаваў на горах непарушных:
як ты хаваеш сваё аблічча, я трывожуся.
9 Да Цябе, Госпадзе, я клічу: —
у Бога майго я прасіў ласкі.
10 Якая табе карысьць у крыві маей,
што зыйду ў магілу?
Ці ж пыл будзе хваліць Цябе
і абвяшчаць праўду тваю?
11 Пачуй Госпадзе і зжалься нада мною!
Госпадзе, будзь мне успамогай.
12 І Ты зьмяніў журбу маю ў танец (у радасьць):
Ты зьняў зь мяне пакутны мяшок (лахман)
і апрануў мяне радасьцяй.
13 Так душа мая не змоўкла, і сьпяваць будзе маё сэрца.
Госпадзе, Божа мой, выхваляць Цябе буду навекі!

Каментары ці зноскі:

а) У гэтым псальме-песьні выражана радасьць і падзяка Богу за атрыманыя ласкі, заклік да суродзічаў, каб разам цешыліся і маліліся.


Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга псальмаў, псальм 30

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

2023, Алічбованне — Сяргей Шобік, biblia.by.