Бог — Пастыр і Гаспадар

1 Кіраўніку хору — на лад песьні “Лань на сьвітаньні”. Псальм Давідавы.
2 Божа мой, Божа мой! Чаму Ты мяне пакінуў?(а)
і ўначы — не зважаеш на мяне, ад слоў стагнаньня майго.
3 Божа мой, клічу я ўдзень, але Ты не адгукаешся
і ўначы — не зважаеш на мяне.
4 Але Ты ўсё ж Сьвяты: Ты жывеш у славе Ізраіля.
5 На Цябе спадзяваліся айцы нашыя:
мелі надзею, і Ты збаўляў іх.
6 Да Цябе гукалі і былі вызвалены:
Табе давяралі, і ня было гэта дарэмна.
7 А я — чарвяк, а не чалавек,
зьняважаны людзьмі і пагарджаны народам.
8 Усе, што бачаць мяне, насьміхаюцца нада мною,
выкрыўляючы вусны ды ківаючы галавою.
9 “Ён спадзяваўся на Госпада, няхай спасе яго, —
няхай вызваліць яго, калі яго прыяцель!”
10 Ты мяне вывеў з (матчынага) лона:
пры грудзёх маткі маей быў я бяспечны.
11 На Цябе быў я пакінены ад ураджэньня:
ад улоньня маткі маей Ты — мой Бог.
12 Ня стой воддаль ад мяне,
бо блізка няшчасьце, бо няма мне абароны!
13 Мноства бугаёў абступілі мяне,
сільныя звяры Бэзанскія мяне абступаюць.
14 Яны разявілі на мяне свае зяпы,
як драпежны, рыкаючы леў.
15 Я расплыўся, як вада, і ўсе мае косьці разыйшліся,
сэрца маё, як воск, растапілася ў нутры маім.
16 Высахла як чарапок маё горла,
язык мой прыліп да майго паднябеньня,
і ў парахно сьмерці Ты мяне кінуў.
17 Сфора сабак абкружыла мяне,
аблягае мяне банда злачынцаў,
прабілі рукі мае і ногі мае.
18 Магу палічыць усе косьці мае,
а яны ўзіраюцца і на мяне прыглядаюцца.
19 Яны дзеляць між сабою вопратку маю
і аб адзежы маей кідаюць жэрабя.
20 Але Ты, Госпадзе, не аддаляйся!
О, моц мая, сьпяшы мне на ўспамогу!
21 Ад мяча вырві душу маю
і з пазуроў сабакі адзінокую маю!
22 Ад зяпы львінае вызваль мяне
і ад рагоў буйвала — маю бедную душу!
23 Буду апавядаць маім братом тваё Імя,
у грамадзе буду хваліць Цябе.
24 Вы, што баіцеся Госпада, хваліце Яго:
усё насеньне Якубава, выхваляйце Яго
і бойцеся Яго, насеньне Ізраіля!
25 Бо Ён не пагардзіў і ня брыдзіўся галечай бедняка,
і не схаваў ад яго свайго аблічча
і паслухаў, калі той клікаў Яго.
26 Гэта Ты — мая хвала ў вялікай грамадзе:
абяцаньні мае я споўню перад тымі, што баяцца Яго.
27 Убогія будуць есьці і насычацца:
будуць хваліць Госпада тыя, што шукаюць Яго,
няхай іхняе сэрца жыве навекі!
28 Усе межы зямлі апамятаюцца і вернуцца да Госпада
і ўсе пляменьні паганаў упадуць ніцма перад Ім.
29 Бо Госпада ёсьць царства і Ён — Валадар народаў.
30 Толькі перад Ім схіляюцца ўсе магутныя зямлі,
перад Ім нахіляцца ўсе, што ў пыл зыходзяць.
А мая душа жыць будзе для Яго.
31 Патомства маё будзе Яму служыць:
прышламу пакаленьню будзе апавядаць аб Госпадзе.
32 Абвяшчаць будуць справядлівасьць людзям,
што народзяцца: “Гэта ўчыніў Госпад”.

Каментары ці зноскі:

а) Гэты псальм ёсьць увесь мэсыянскі, і гэтымі словамі Хрыстос жаліцца перад смерцяй свайму Нябеснаму Айцу.


Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга псальмаў, псальм 22

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

2023, Алічбованне — Сяргей Шобік, biblia.by.