1 Багаслаў, душа мая, Госпада! Госпадзе, Божа мой, Ты такі вялікі. Апрануўся Ты ў веліч і бляск.
2 Ты Ахутаны сьвятлом, як у плашч, нябёсы раскінуў, як палотны шатра.
3 Харомы свае высокія Ты разбудаваў над водамі, хмары абяртаеш у калясьніцу, узносішся на крыльях ветру.
4 Вятры пасланцамі тваімі, прыслужнікам тваім — агонь, што палае.
5 Ты паставіў зямлю на падвалінах яе, не пахісьнецца на век-вякоў.
6 Бяздоньнем Ты пакрыў яе як адзежаю: панад горамі сталі воды.
7 Прад пагрозай тваей яны уцякаюць, а на гук твайго грому адступаюць.
8 Падыймаюцца, западаюць даліны — на месцы, што Ты ім прызначыў.
9 Ты кладзеш ім мяжу, праз якую ня пройдуць; каб зноў вярнуліся пакрыці зямлю.
10 Із яраў выводзіш крыніцы: яны працякаюць пасярод гораў.
11 Яны пояць усіх зьвяроу палявых, праганяюць дзікія аслы сваю смагу. (смагнучыя аслы надзеюцца на іх).
12 Ля іх трымаюцца нябесныя птушкі: праз вецьце падаюць свой голас.
13 З высокіх сьвятліцаў сваіх Ты поіш горы; пладамі твайго неба насычаецца зямля.
14 Ты даеш рост траве для скаціны і расьліны на карысьць людзям, каб дабывалі хлеб з зямлі.
15 І віно, што весяліць сэрца чалавека, і алей, ад якога іх твары ясьнеюць, і хлеб, што пасілкуе сэрца чалавека.
16 Насычаюцца дрэвы Гасподнія, кедры Лібанскія, якія Ён насадзіў;
17 Гэта там гнезодзяцца вераб’і і на іх вярхох бусел мае сваё жыльлё.
18 Высокія горы — для сарнаў, шчыліны ў скалах — для трусікаў.
19 Ты месяц стварыў, каб значыць час; сонца ведае свой захад.
20 Як цемру раскінеш, ноч наступае; у ёй варушацца ўсе зьвяры лясныя.
21 Рыкаюць львяняты аб дабычу, просячы у Бога пажывы сабе.
22 А сонца ўзыйдзе, адступаюць яны і залягаюць у логавах сваіх.
23 Чалавек выходзіць да дзела свайго і на работу сваю аж да вечара.
24 Якое мноства твораў тваіх, Госпадзе! Усё Ты прамудра стварыў: зямля поўна багацьця твайго.
25 Вось вялізнае мора, прасторна раскінена яно і у ім варушыцца безьліч жывёлін малых і вялікіх:
26 Там караблі праплываюць, Левіятан, якога Ты стварыў, каб забаўляцца ў ім (?)
27 Усе яны чакаюць ад Цябе, каб даў ім пажыву у свой час
28 Ты даеш ім, яны падбіраюць: Ты разгартаеш руку сваю, яны насычаюцца.
29 Ты хаваеш аблічча тваё, жах іх абыймае; калі адыймлеш дух у іх, яны гінуць і ў пыл свой вяртаюцца.
30 Пашлеш твайго духа і творацца яны, Ты аднаўляеш аблічча зямлі.
31 Няхай слава Гасподня трывае навекі; няхай Госпад цешыцца з твораў сваіх!
32 На зямлю Ён зірне і яна дрыжыць; да гор дакранецца і яны дымяцца.
33 Жадаю сьпяваць Госпаду, пакуль жыцьця майго: буду выслаўляць Бога майго, пакуль трываць буду.
34 Няхай будзе прыемна Яму мая прамова! І ўзьвесялюся я у Госпадзе!
35 Няхай грэшнікі счэзнуць зь зямлі, няхай больш ня будзе бязбожнікаў!
Багаслаў, душа мая, Госпада! Алелюя! (у гэбр.)
Багаслаў, душа мая, Госпада! Алелюя! (у гэбр.)
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Кніга псальмаў, псальм 104
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.