1 Кіраўніку хору. Песьня сыноў Карэевых. На ліры 6-ці струннай. Песьня вясельная.
2 Маё сэрца дрыжыць ад словаў прыгожых:
Я ўзношу песьню маю да Цара, —
язык мой як пёрка скарапісца.
3 Ты — прыгажэй, найпрыгажэйшы з усіх сыноў чалавечых!
Ласкавасьць разьлілася на вуснах тваіх,
4 Аперажы, ваяка, паясьніцу тваю мячом,
моцай тваей і красою!
5 Ідзі ў аб’езд (змагайся) за праўду, за пабожнасьць і справядлівасьць!
Нацягні цяціву на лук і ўчыні страшнай правіцу тваю!
6 Вострыя стрэлы твае і табе паддаюцца народы:
трацяць сэрца царавы ворагі.
7 Назаўсёды трон твой, о Божа, і навекі!
Жазло справядлівасьці — бэрла твайго царства.
8 Ты любіш справядлівасьць і ненавідзіш бязбожнасьці,
а за гэта Бог, твой Бог, памазаў Цябе алеем радасьці
па-над тваіх таварышаў (канкурэнтаў).
9 Ад адзежы тваей струменіць міра, алёэс і касія:
з харомаў з сланёвае косьці цешыць цябе мэлёдыя гарфы.
10 Між улюбенымі тваімі — царавы дочкі:
па тваей правіцы — царыца ў золаце Офіру.
11 Пачуй, дачушка, глянь ды прыхілі вуха:
забудзь ты свой народ і дом бацькі свайго!
12 Калі цар зажадае красы тваей, ты сукланіся яму,
бо Ён ёсьць твой валадар.
13 Дачка Тыру прыходзіць з дарамі і найбагацейшыя з народу,
каб цешыцца тваім абліччам.
14 Найпрыгажэйшая сама царэўна залататканай адзежы.
15 У гафтаванай адзежы вядуць яе да Цара:
зь ёй дружкі-дзяўчаткі ўводзяцца да Цябе.
16 Прыводзяць іх вясёлых, у радасьці і ўваходзяць яны ў царавы хорам.
17 Сыны твае будуць замест айцоў тваіх.
Ты паставіш іх князямі па усенькай зямлі.
18 Імя Тваё я зраблю трывалым з роду ў род,
каб народы славілі Цябе навекі!

Каментары ці зноскі:

УВАГА: Псальм — увесь мэсыянскі: параўнаньне ўзята з усходніх вясельных цэрэмоніяў. Хрыстос выступае як Валадар-Цар, прысланы праз Бога Айца на зямлю: ягоная нарачоная-жана гэта ёсьць сьвятая Царква, а Сам Хрыстос — Жаніх. Прыйсьце Хрыста на зямлю — гэта вялікае сьвята — “вясельле” для ўсяго чалавецтва. — На жаль, дрэнна Яго прыняў грэшны сьвет — забіў Яго на крыжы, аднак усё роўна “вясельле” даканалася ў Яго Уваскрашэньні!


Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга псальмаў, псальм 45

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

2023, Алічбованне — Сяргей Шобік, biblia.by.