1 Песьня. Псальм Давідавы.
2 Сэрца маё гатовае, о Божа! хачу я сьпяваці і іграці! Паўстань, мая слава!
3 Збудзіся, арфа і гусьлі! Я збуджу сьвітаньне!
4 Буду славіць Цябе між народамі, Госпадзе і сьпяваці Табе між паганамі!
5 Вышэй за нябёсы любоў твая і праўда твая да аблокаў.
6 О, Божа, узьніміся панад небам і хай слава твая будзе над усею зямлёю!
7 Каб твае улюбленыя былі свабонымі; успамажы правіцаю тваею і выслухай нас!
8 Бог казаў у сьвятыні сваей: “Буду цешыцца і падзялю Я Сіхем і разьмераю даліну Сукат.
9 Мой ёсьць Галяад і мой Манасса, Эфраім — цьвярдыня маей галавы, Юда — бэрла улады маей!
10 Моаб — мая судзіна умывальная; на Эдом Я кіну мой сандал; над Фівіістыяй буду Я пераможцай.
11 Хто увядзе Мяне у места умацаванае? Хто Мяне давядзе аж да Эдому?
12 Ці-ж мы будзем адкінуты, о Божа? Ці-ж Ты больш ня выйдзеш з нашымі войскамі?
13 Дай нам успамогу падчас уціску!, дарэмная ёсьць падмога людзкая!
14 З Богам мы сілу пакажам і Ён патопча нашых праціўнікаў!
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга псальмаў, псальм 108

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

2023, Алічбованне — Сяргей Шобік, biblia.by.