Малітва падчас уціску

1 Кіраўніку хору. Псальм Давідавы.
2 У Табе, Госпадзе, маю апору: ня дай мне стыдацца навекі!
У справядлівасьці тваей вызваль мяне і выбаві мяне!
3 Прыхілі да мяне вуха тваё, пасьпяшы да мяне:
будзь мне скалой моцы і замчышчам крэпкім,
каб мяне ацаліць.
4 Бо Ты — скала мая і цвярдыня мая:
дзеля Імяні твайго вядзі мяне і кіруй мною!
5 Выцягні мяне з сеці, што на мяне наставілі,
бо Ты — мая абарона.
6 У рукі твае аддаю дух мой! Ты, Госпадзе, мяне збаўляеш,(а)
Божа праўдзівы.
7 Ты ненавідзіш тых, што служаць марным ідалам,
а я даверыўся Табе.
8 Дай мне радавацца і весяліцца ў тваей любові!
Ты глянуў на бядоту маю, пазнаў гаротнасьць душы маей.
9 Ты ня выдаў мяне ў рукі ворага:
паставіў ногі мае на вольны прастор.
10 Зжалься нада мною, Госпадзе, бо я ўцісьнены!
Ад слёз захавай вочы мае, горла і цела маё.
11 Бо жыцьцё маё прайшло ў жудасьці,
а мае гады ў уздыханьні:
сіла мая змаглася ў цяжары, а косьці мае пасохлі.
12 Праціўнікі мае абсмьмяялі мяне,
а суседзі мае брыдзяцца мной:
я стаў страхоцьцем для знаёмых маіх. —
Хто мяне ўбачыць на вуліцы, уцякае ад мяне.
13 Забыты я ў сэрцах, як памёршы:
я стаўся як разьбітае начыньне.
14 Чую паняверку ад многіх — жахлівасьць адусюль!
Змаўляюцца між сабою, каб адняць ад мяне жыцьцё.
15 Але я на Цябе, Госпадзе, спадзяюся. —
Я гавару: “Ты ёсьць мой Бог!”.
16 У тваіх руках — мае дні:
вызваль мяне з рук маіх шалёных ворагаў!
17 Няхай сьвеціць аблічча тваё над слугой тваім:
збаў мяне ў міласьці тваей!
18 Госпадзі, ня дай мне асароміцца, бо гукаю да Цябе!
няхай асаромяцца бязбожнікі, —
няхай змоўкнуць, ідучы ў пекла!
19 Няхай змоўкнуць ілжывыя вусны (хай анямеюць),
што пагардліва, пышна і нахабна супраць справядлівага гавораць.
20 Як вялікая дабрата твая, Госпадзе,
якую даруеш тым, хто Цябе баіцца,
і аказываеш тым,
хто ў Цябе шукае ратунку серад сыноў Адама.
21 Ты іх акрываеш абліччам тваім пад заслонай ад бунтаў людзкіх,
хаваеш іх як у прыбытку ад сварлівых языкоў.
22 Багаслаўлены Госпад,
што мне аказаў дзіўную любоў у месьце ўзмоцненым.
23 Я ж казаў у маей турбоце:
“Я адкінены ад вачэй тваіх!”.
Але Ты паслухаў голас майго маленьня,
калі я крычаў да Цябе.
24 Любіце Госпада, усе сьвятыя Яго!
Ён сьцеражэ верных,
але Госпад адплачывае зь лішкай тым,
што жывуць у гордасьці.
25 Будзьце адважныя ўсе тыя,
што давераеце Госпаду,
а сэрцы вашыя хай узмацняюцца!(б)

Каментары ці зноскі:

а) Ізноў прарок у вялікім сваім горы зьвяртаецца да Бога: моліцца шчыра, горача і настойліва — зь верай, надзеяй і любоўю. — А ўвесь гэты псальм напамінае нам пакорную малітву Ісуса Хрыста, які на гарэ Аліўнай просіць Айца Нябеснага, каб аддаліў “келіх” мукі і сьмерці — аж урэшце на крыжы Хрыстос усклікнуў — словамі гэтага псальму: “Ойча, у рукі Твае аддаю дух мой!”.

б) У канцы псальму прарок заклікае верных, каб з любоўю і адвагай давераліся Богу, Які аддае кожнаму “зь лішкаю” і ўзмацняе сэрцы тых, што надзеюцца на Яго. Хто Богу давярае, ня будзе асаромлены ні ў гэтым жыцьці, ні ў вечнасьці.


Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга псальмаў, псальм 31

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

2023, Алічбованне — Сяргей Шобік, biblia.by.