1 Кіраўніку хору — Сыноў Корэ — Псальм.
2 Як пажаданыя твае сялібы, о Госпадзе Сілаў!
3 Зьнемагае душа мая і уздыхае да панадворкаў Госпада; маё сэрца і маё цела весяліцца ў Богу жывым.
4 Нават верабей знайшоў сабе прыпынак і ластаўка гняздо сабе, дзе птушанят сваіх укладае: (а я) твае алтары, госпадзе Сілаў, — Ты мой Цар і мой Божа!
5 Шчасьлівыя жыхары твайго дому, — бязупынна Цябе выхваляюць.
6 Шчасьлівыя людзі, якіх сіла ёсць у Табе, якія сьцерагуць у сэрцы сьцежкі (к Табе).
7 Праходзячы далінаю сьлёзаў (сухою?), яны робяць яе месцам крынічным і першы дождж акрывае яе бласлаўленнем.
8 Гэтак ідуць яны ад узвышэньня да ўзвышэньня, і Бог ім пакажацца ў Сыёне.
9 Госпадзе, Божа Сілаў! выслухай малітву маю; нахілі вуха, Божа Якубавы!
10 Божа, наш шчыце! Пабач і паўзірайся на аблічча памазанца твайго!
11 Бо адзін дзень на панадворках тваіх ідзе за тысячу і я выбраў: парог дому Бога майго лепш як палатка бязбожніка.
12 Бо Бог ёсць абарона і шчыт: Ён дае шчасьце і славу; не адмовіць Госпад дабра ўсім, што ходзяць у дасканаласьці.
13 Госпадзе Сілау! Шчасьлівы чалавек, што на Цябе спадзяецца!
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга псальмаў, псальм 84

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

2023, Алічбованне — Сяргей Шобік, biblia.by.