Жальба прыгнечанага

1 Кіраўніку хору. На лад: “Лілеі”. Давідавы.
2 Збаў мяне, Божа, бо воды даходзяць да душы маей!
3 Зараз я ў бяздонным балоце і няма дзе стаяці:
трапіў я ў глыб водную і хвалі мяне заліваюць.
4 Я зьнямогся ад крыку, засохла горла ў мяне,
змарыліся вочы мае, выглядаючы Бога майго.
5 Тых, хто мяне бяз віны ненавідзяць,
больш чым валасоў на маей галаве і
тых, што мяне несправядліва пахінаюць.
Мушу зьвяртаці тое, чаго я ня браў.
6 О Божа, Ты ведаеш маю дурноту: мае правіны адкрыты прад Табою.
7 Ня дай, каб праз мяне сароміліся тыя,
што на Цябе спадзяюцца, Госпадзе Божа!
Каб ня стыдаліся праз мяне тыя,
што Цябе шукаюць, Божа Ізраіля!
8 Бо дзеля Цябе я цярплю зьнявагу: сорамам твар мой пакрыты.
9 Я стаўся чужым для братоў маіх
і незнаёмы для сыноў маей маткі.
10 Бо рупнасьць аб твой дом мяне зьядае
і зьнявагі тых, што Цябе абражаюць, на мяне валяцца.
11 Душу сваю я змарыў пастом,
і гэта за ганьбу мне палічылася.
12 Замест вопраткі я ўздзеў валасяніну
і для іх стаўся прыповесьцяй.
13 Яны абмаўляюць мяне, пасядаўшы ў браме
і прыпеўкі сьпяваюць, віно папіваючы.
14 А я да цябе малюся, Госпадзе, у часе спрыяльным:
о Божа, у ласцы тваей вялікай выслухай мяне,
у праўдзе збаўленьня твайго!
15 Вырві мяне з балота, каб я не заграз:
выратуй ад тых, што мяне прасьледуюць,
дый із водных глыбіняў!
16 Каб цячэньне водаў не затапіла мяне,
каб глыбь мяне не праглынула,
каб бяздоньне свайго горла нада мною не замкнула!
17 Выслухай мяне, Госпадзе, бо дабрата твая — ласкавая!
Праз веліч ласкавасьці тваей зірні на мяне!
18 І не хавай аблічча твайго ад слугі твайго,
бо уціск абыймае мяне: пасьпяшы выслухаць мяне!
19 Прыбліжся да душы маей і збаў яе (памсьці яе):
супраць ворагаў маіх вызваль мяне!
20 Ты ведаеш таго, хто мяне зьневажае:
мае прыгнятацелі — усе перад Табою.
21 Ганьба разьбіла маё сэрца — ад стыду і зьнявагі я зьнемагаю:
чакаў спачуваньня, дык надарэмна,
і прыяцеляў, дый не знайшоў іх!
22 За страву давалі мне жоўць,
а як я меў смагу, напаілі мяне воцатам.
23 Няхай стол іхні стане пасткай для іх,
а іхні збытак — падманам!
24 Хай зацьмяцца іхнія вочы, каб больш не бачылі,
няхай паясьніца іх заўсёды дрыжыць!
25 Вылій на іх сваю запальчывасьць,
а полымя гневу твайго няхай іх дасягне!
26 Няхай сяліба іхняя апусьцее,
дый хай ніхто ня жыве ў іхніх палатках.
27 Яны прасьледуюць, каго Ты пакараў,
дый дадаюць ранаў тым, каго Ты параніў.
28 Далучы злачынства да злачынства іхняга,
каб ня мелі больш доступу да тваей справядлівасьці!
29 Няхай яны будуць выкрэсьлены з кнігі жывых,
каб ня былі запісаны з справядлівымі!
30 Я ж няшчасны і набалелы:
твая помач, о Божа, хай падыйме мяне!
31 Я славіць буду Імя Божае ў песьні
і буду хваліць Яго з падзякаю.
32 Гэта будзе Госпаду больш даспадобы,
чымся вол, або цяля рагатае з капытамі.
33 Убачыць гэта пакорны і ўцешыцца:
вы, што шукаеце Бога, хай сэрца вашае ажывіцца!
34 Бо Госпад слухае ўбогіх
і вязьнямі сваімі не пагарджае.
35 Няхай Яго хваляць неба і зямля, і мора
і ўсё, што варушыцца ў ім!
36 Бо збавіць Бог Сыён,
адбудуе мосты Юдэйскія:
там будуць сяліцца і ўладаць імі.
37 І насеньне слуг ягоных атрымае іх у спадчыну,
а хто Імя ягонае любіць, жыць там будзе.

Каментары ці зноскі:

УВАГА: Гэты псальм называюць мэсыянскім, бо нямала ў ім ёсьць думак, якія ў Новым Запавеце тасуюцца да Ісуса Хрыста, асабліва верш 22, калі ворагі давалі яму воцат, калі быў укрыжаваны.

Псальміст скаржыцца на свае цярпеньні, якія былі незаслужаныя і кліча на ворагаў Божае кары, дый абяцае больш верна служыць Богу.

Псальм, як заўсёды канчаецца заклікам да прыроды і ўсяго сьвету — да церпячых і няшчасных, каб таксама служылі Богу і хвалілі Яго. Замыкаецца псальм актам надзеі.


Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга псальмаў, псальм 69

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

2023, Алічбованне — Сяргей Шобік, biblia.by.