1 Кіраўніку хору — на арфе. Псальм Давідавы.
2 Алеф. Выхваляю Цябе, Госпадзе, з усяго майго сэрца:
усе цуды твае абвяшчаю.
3 Радуюся і весялюся Табою:
Спяваю Імяні твайму, Найвышэйшы.
4 Бэт. Бо адступілі назад мае ворагі,
пападалі і пагінулі перад тваім абліччам.
5 Ты правёў мой суд і справу:
засеў на троне як Судзьдзя справядлівы.
6 Гімэль. Ты ўзбурыўся на паганаў, выгубіў бязбожнікаў:
імя іхняе вынішчыў на векі вечныя.
7 Вораг зьнішчаны, руіна ягоная — навекі!
Ты разбурыў гарады — памяць іхняя шчэзла.
8 Гэ. Але Госпад узсядае навекі:
на суд уцьвярдзіў Ён трон свой.
9 І будзе Ён сьвет судзіць па праўдзе
і рассудзіць народы справядліва.
10 Вау. Няхай будзе Госпад моцным прыпынкам прыгнечанаму,
добрай апорай у час уціску.
11 На Цябе спадзяюцца тыя, што знаюць тваё Імя,
Ты не пакідаеш тых, што Цябе, Госпадзе, шукаюць.
12 Заін. Сьпявайце псальм Госпаду, што прабывае на Сыёне,
апавядайце між народамі яго ўчынкі высокія!
13 Бо Ён — мсьціўца за кроў — аб іх прыпомніў:
Ён не забыўся аб плачу няшчасных.
14 Гэт. Зжалься нада мною, Госпадзе:
глянь на ўціск мой ад тых, што мяне ненавідзяць, —
падыймі мяне ад брамы сьмерці.
15 Каб я абвяшчаў усю тваю хвалу ў брамах Дачкі Сыёну
і каб радаваўся з твайго збаўлення!
16 Тэт. Пагане зваліліся ў яму, якую самі капалі,
і ў сеці, што настаўлялі, іхняя нага ўблуталася.
17 Госпад даў пазнаць Сябе, Суд учыніўшы:
у дзеле рук сваіх бязбожнік ублутаўся.
18 Йод. Няхай вернуцца бязбожнікі ў пекла —
усе народы, што Бога забыліся!
19 Бо не навекі будзе забыты ўбогі:
надзея няшчасных не загіне назаўсёды.
20 Паўстань Госпадзе, каб чалавек не перамог:
асудзі паганаў перад тваім абліччам!
21 Напусьці на іх страх, Госпадзе!
Няхай пазнаюць пагане, што яны — людзі.

Каментары ці зноскі:

а) Гэты псальм — альфабэтычны, але бракуе некаторых літараў.


Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга псальмаў, псальм 9

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

2023, Алічбованне — Сяргей Шобік, biblia.by.