1 Кіраўніку хору: на лад Мутлябэн. Псальм Давіда.
2 Буду славіць ГОСПАДА ад усяго сэрца майго, буду абвяшчаць усе цуды Твае!
3 Буду радавацца і весяліцца ў Табе, буду выслаўляць імя Тваё, Найвышэйшы!
4 Калі ворагі мае павернуць назад, яны спатыкнуцца і загінуць перад абліччам Тваім.
5 Бо Ты правёў суд мой і [разгледзеў] справу маю, Ты сеў на пасадзе таго, хто судзіць праведна.
6 Ты ўтаймаваў народы, Ты зьнішчыў бязбожніка, імя іхняе сьцёр на вякі вечныя.
7 Вораг спустошаны, канец яму назаўсёды. І гарады [ягоныя] Ты зруйнаваў, памяць пра іх зьнішчана.
8 А ГОСПАД сядзіць [на пасадзе] на вякі; Ён паставіў пасад Свой дзеля суду,
9 і Ён будзе судзіць сусьвет паводле праведнасьці і змагацца з народамі паводле справядлівасьці.
10 І будзе ГОСПАД умацаваным замкам для прыгнечанага, умацаваным замкам у час трывогі.
11 І будуць спадзявацца на Цябе тыя, якія ведаюць імя Тваё, бо Ты не пакідаеш тых, хто шукае Цябе, ГОСПАДЗЕ!
12 Выслаўляйце ГОСПАДА, Які сядзіць на Сыёне, апавядайце між народамі ўчынкі Ягоныя!
13 Бо Ён шукае [тых, што пралілі] кроў, памятае пра іх, Ён не забыўся пра крык уцісканых.
14 Зьлітуйся нада мною, ГОСПАДЗЕ! Глянь на пакуты мае ад тых, якія ненавідзяць мяне, Ты, Які падымаеш мяне ад брамы сьмерці,
15 каб я абвяшчаў усю хвалу Тваю ў брамах дачкі Сыёну і радаваўся ў збаўленьні Тваім.
16 Уваліліся пагане ў яму, якую зрабілі; у сетку, якую схавалі, патрапіла нага іхняя.
17 ГОСПАД даў пазнаць Сябе, учыніўшы суд; у справах рук сваіх заблытаўся бязбожнік. (Разважаньне. Сэлях)
18 Зыйдуць бязбожнікі ў пекла, усе пагане, якія забыліся пра Бога.
19 Бо не назаўсёды забыты будзе бедны, надзея прыгнечаных ня згіне навекі.
20 Паўстань, ГОСПАДЗЕ, ня дай чалавеку мець перавагу; пагане будуць суджаныя перад абліччам Тваім!
21 Напусьці жах на іх, ГОСПАДЗЕ, каб пазналі пагане, што яны — людзі! (Сэлях)
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Псальмы, псальм 9

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023