Біблія » Пераклады » Пераклад Антонія Бокуна

Псальмы 10 Псальм 10 (9:22−39)

1 Чаму стаіш здалёк, ГОСПАДЗЕ, хаваешся ў часе трывогі?
2 Бязбожнік у пыхлівасьці сваёй перасьледуе ўбогага. Няхай будзе ён схоплены ў зламыснасьці, якую надумаў.
3 Бо хваліцца бязбожнік у пажаданьнях душы сваёй, і дабраслаўляе хціўца, і грэбуе ГОСПАДАМ.
4 Бязбожнік у ганарыстасьці гневу свайго не шукае [Бога]. «Няма Бога!» — усе думкі ў яго.
5 Шляхі ягоныя пасьпяховыя ў-ва ўсякі час; суды Твае высока аддаленыя ад яго; на ўсіх ворагаў сваіх [грэбліва] дзьмухае ён.
6 Ён гаворыць у сэрцы сваім: «Я не пахіснуся, з пакаленьня ў пакаленьне ліха ня будзе [ў мяне]».
7 Вусны ягоныя поўныя праклёнаў, ашуканства і здрады; пад языком ягоным — ліхота і злачынства.
8 Ён сядзіць у засадзе на загуменьнях, у таемным месцы забівае нявіннага; вочы ягоныя сочаць за нешчасьлівым.
9 Ён пільнуе ў засадзе, быццам леў у схове сваім; пільнуе, каб схапіць убогага; хапае ўбогага, уцягваючы яго ў сетку сваю.
10 Ён згінаецца, туліцца [да зямлі], і ад моцы ягонай гіне шмат нешчасьлівых.
11 Ён кажа ў сэрцы сваім: «Бог забыўся, схаваў аблічча Сваё, ня ўбачыць ніколі!»
12 Паўстань, ГОСПАДЗЕ, Божа! Узьнімі руку Тваю, не забывайся пра ўцісканых!
13 Чаму бязбожнік пагарджае Богам, кажучы ў сэрцы сваім: «Ты ня будзеш шукаць [гэтага]»?
14 Але Ты бачыш, Ты глядзіш на ліхоту і гора, каб даць [аднагароду] рукою Тваёй. Табе пакідае [свой лёс] нешчасьлівы; Ты быў дапамогай сіраце.
15 Зламай рамяно бязбожніку і ліхотніку, шукай беззаконьне ягонае, каб больш яго нельга было знайсьці.
16 ГОСПАД — Валадар на вякі вечныя; пагане счэзнуць з зямлі Ягонай.
17 Ты пачуў жаданьне ўцісканых, ГОСПАДЗЕ! Ты ўмацуеш сэрцы іхнія, Ты прыхіліш вуха Тваё,
18 каб даць суд сіраце і пакрыўджанаму, каб больш не палохаў іх чалавек на зямлі!
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Псальмы, псальм 10

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023