1 У Табе, ГОСПАДЗЕ, я маю надзею. Ня дай мне асароміцца на вякі!
2 Паводле праведнасьці Тваёй выратуй мяне і вызвалі! Прыхілі да мяне вуха Тваё і збаў мяне!
3 Будзь мне скалой, дзе сяліба мая, куды прыходжу заўсёды, дзе Ты даў загад, каб збавіць мяне, бо Ты — скала мая і замчышча маё.
4 Божа мой, вызваль мяне з рукі бязбожніка, з рукі беззаконьніка і прыгнятальніка.
5 Бо Ты — надзея мая, Госпадзе, ГОСПАДЗЕ, пэўнасьць мая з маладосьці маёй!
6 На Цябе я абапіраўся ад чэрава [маці]; з нутра маці маёй Ты вывеў мяне; дык Табе заўсёды хвала мая!
7 Быццам дзіва стаўся я для многіх, але Ты — прыстанішча маё моцнае.
8 Няхай будуць напоўненыя вусны мае хвалой Табе, кожны дзень — услаўленьнем Цябе.
9 Не адкінь мяне ў час старасьці маёй. Калі зьнікнуць сілы мае, Ты не пакінь мяне!
10 Бо змаўляюцца ворагі мае супраць мяне, і тыя, што сочаць за душою маёй, радзяцца між сабою,
11 кажучы: «Бог пакінуў яго; дык ганіцеся за ім і схапіце яго, бо няма ў яго ратунку!»
12 Божа, не аддаляйся ад мяне! Божа мой, пасьпяшайся на ўспамогу мне!
13 Няхай будуць асаромленыя і зьнішчаныя тыя, што супрацьстаяць душы маёй! Няхай ганьбай і сорамам пакрыюцца тыя, што шукаюць ліхога для мяне!
14 А я заўсёды буду спадзявацца і множыць усю хвалу Тваю.
15 Вусны мае будуць абвяшчаць праведнасьць Тваю, і цэлы дзень — выратаваньне Тваё, бо ім лічбы ня ведаю я!
16 Перайду да магутнасьці Госпада, ГОСПАДА, буду ўзгадваць праведнасьць Тваю, толькі Тваю!
17 Божа, Ты вучыў мяне з маладосьці маёй, і дагэтуль я пра цуды Твае апавядаю.
18 І да старасьці, і да сівізны не пакідай мяне, Божа, пакуль я пра рамяно Тваё не распавяду пакаленьню гэтаму і пра магутнасьць Тваю — усім, што народзяцца яшчэ.
19 Бо праведнасьць Твая, Божа, аж да вышыняў, Ты чыніш вялікія рэчы. Божа, хто падобны да Цябе?
20 Ты даў нам угледзець шмат трывог і ліха, але Ты вернеш нас да жыцьця і з бяздоньняў зямлі зноў узьнімеш нас.
21 Ты памножыш велічнасьць маю і зноў пацешыш мяне.
22 Дык я буду славіць на музычных інструмэнтах Цябе, мой Божа, і праўду Тваю! Буду выслаўляць Цябе на гусьлях, Сьвяты Ізраіля!
23 Узрадуюцца вусны мае, бо я Цябе выслаўляю, і душа мая, што Ты выбавіў яе.
24 І язык мой будзе цэлы дзень разважаць пра праведнасьць Тваю, бо асаромленыя і ў ганьбе тыя, што шукалі ліха для мяне.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Псальмы, псальм 71

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023