1 Кіраўніку хору: на флейтах. Псальм Давіда.
2 Прыхілі вуха да словаў маіх, ГОСПАДЗЕ, зваж на ўздыханьне маё.
3 Выслухай голас крыку майго, Валадару мой і Божа мой, бо я да Цябе малюся.
4 ГОСПАДЗЕ, раніцаю пачуй голас мой; на досьвітку стану перад Табою і буду ўглядацца.
5 Бо Ты — Бог, Якому недаспадобы няправасьць; злыдзень ня будзе жыць пры Табе!
6 Тыя, што хваляцца сабою, ня будуць стаяць перад вачыма Тваімі, Ты ненавідзіш усіх злачынцаў.
7 Ты зьнішчаеш хлусьлівых; крыважэрнымі і падступнымі брыдзіцца ГОСПАД.
8 А я праз вялікую міласэрнасьць Тваю ўвайду ў Дом Твой, і ў страху Тваім пакланюся ў Сьвятыні сьвятасьці Тваёй.
9 ГОСПАДЗЕ, вядзі мяне ў праведнасьці Тваёй; насупраць ворагам маім выпрастуй шлях Твой перад абліччам маім.
10 Бо няма шчырасьці ў вуснах іхніх; нутро іхняе — распуста; горла іхняе — магіла адчыненая; языком сваім ашукваюць.
11 Абвінаваць іх, Божа! Няхай загінуць яны ад намераў сваіх! За мноства правінаў іхніх адкінь Ты іх, бо яны збунтаваліся супраць Цябе.
12 І няхай радуюцца ўсе, якія ў Табе маюць надзею; няхай весяляцца навекі, бо Ты іх бароніш; і няхай узрадуюцца ў Табе тыя, якія любяць імя Тваё.
13 Бо Ты дабраслаўляеш праведнага, ГОСПАДЗЕ, і ўпадабаньнем Тваім, як шчытом, засланяеш яго.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Псальмы, псальм 5

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023