1 Кіраўніку хору. Сьпеў. Псальм. Радасна гукай для Бога, уся зямля!
2 Сьпявайце славу імя Ягонага, узносьце славу і хвалу Яму!
3 Кажыце да Бога: «Які Ты страшны ў дзеяньнях Тваіх! Дзеля вялікасьці моцы Тваёй падпарадкоўваюцца Табе ворагі Твае.
4 Уся зямля паклоніцца Табе і будзе выслаўляць Цябе, будзе выслаўляць імя Тваё». (Сэлях)
5 Хадзеце і паглядзіце на дзеяньні Бога, страшнага ва ўчынках [Сваіх] адносна сыноў чалавечых.
6 Ён перамяніў мора ў сухазем’е, праз раку мы перайшлі пехатою; там радаваліся мы ў Ім!
7 Ён пануе ў магутнасьці Сваёй на вякі; вочы Ягоныя сочаць за народамі, каб бунтаўнікі не вывышаліся перад Ім. (Сэлях)
8 Дабраслаўляйце, народы, Бога нашага, і няхай будзе чутны голас хвалы Ягонай.
9 Ён дараваў жыцьцё душы нашай і ня даў пахіснуцца назе нашай.
10 Бо Ты выспрабаваў нас, Божа! Ачысьціў нас, як ачышчаецца срэбра.
11 Ты ўвёў нас у пастку, сьціснуў цяжкімі путамі сьцёгны нашыя.
12 Ты пасадзіў чалавека на галовы нашыя; мы прайшлі праз агонь і ваду, і Ты вывеў нас на прастор.
13 Увайду ў Дом Твой з цэласпаленьнямі, споўню Табе абяцаньні мае,
14 якія прамовілі губы мае, і сказаў я вуснамі маімі ў бядзе маёй.
15 Цэласпаленьні з тлустых [авечак] прынясу Табе з дымам баранаў; дам [Табе] валоў і казлоў. (Сэлях)
16 Хадзеце, паслухайце, і я раскажу ўсім, хто Бога баіцца, што Ён учыніў для душы маёй.
17 Да Яго я клікаў вуснамі маімі, і ўзьвялічваньне было на языку маім.
18 Калі б я глядзеў на нягоднае ў сэрцы маім, Госпад мяне б не пачуў!
19 Але Бог пачуў і зьвярнуў увагу [Сваю] на голас малітвы маёй.
20 Дабраслаўлёны Бог, Які не адкінуў малітвы маёй і міласэрнасьці Сваёй [не пазбавіў мяне]!
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Псальмы, псальм 66

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023