1 ГОСПАД валадарыць! Няхай радуецца зямля, няхай весяліцца мноства астравоў!
2 Хмары і імгла навакол Яго; праведнасьць і суд — падставы пасаду Ягонага.
3 Агонь ідзе перад абліччам Ягоным і паліць наўкола супраціўнікаў Ягоных.
4 Маланкі Ягоныя сусьвет асьвятляюць; бачыць гэта зямля і дрыжыць.
5 Горы топяцца, быццам воск, ад аблічча ГОСПАДА, ад аблічча Госпада ўсёй зямлі.
6 Апавядаюць нябёсы праведнасьць Ягоную, і ўсе народы бачаць славу Ягоную.
7 Асаромяцца ўсе, што балванам служаць, што ідаламі сваімі хваляцца. Пакланіцеся Яму, усе богі!
8 Чуе гэта Сыён і весяліцца, і радуюцца дочкі Юды дзеля судоў Тваіх, ГОСПАДЗЕ!
9 Бо Ты, ГОСПАДЗЕ, над усёй зямлёй Найвышэйшы, Ты ўзьнёсься па-над усімі багамі.
10 Вы, што любіце ГОСПАДА, ненавідзьце зло! Ён захоўвае душы багабойных Сваіх, з рукі бязбожных выратоўвае іх.
11 Сьвятло ўзыходзіць для праведніка, і радасьць — для шчырых сэрцам.
12 Весяліцеся ў ГОСПАДЗЕ, праведнікі, і слаўце на ўспамін сьвятасьці Ягонай!
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Псальмы, псальм 97

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023