1 Кіраўніку хору. Сыноў Караха. Псальм.
2 Чуйце гэта, усе народы! Прыхіліце вуха, усе жыхары веку гэтага!
3 Як сыны паспалітыя, так і сыны знакамітыя, разам багатыя і бедныя.
4 Вусны мае кажуць мудрасьць, і думкі сэрца майго разважлівыя.
5 Прыхілю да прыповесьці вуха маё, выяўлю пры [гуках] гусьляў загадку маю.
6 Навошта мне баяцца ў дні няшчасьця, калі атачыла мяне беззаконьне тых, якія нападаюць на мяне,
7 якія спадзяюцца на сілу сваю і мноствам багацьця свайго хваляцца?
8 Ніхто выбавіць брата ня можа і даць за яго выкуп Богу,
9 бо вельмі дарагая цана за душу ягоную, і зрачыся гэтага [мусіць] на вякі,
10 каб ён жыў заўсёды і ня ўбачыў парахненьня.
11 Бо [кожны] бачыць: мудрыя паміраюць, дурны і шалёны разам прападаюць, і пакідаюць іншым багацьце сваё.
12 Думкі іхнія пра тое, што дамы іхнія на вякі, сялібы іхнія — з пакаленьня ў пакаленьне, і яны сваім імем назвалі [цэлыя] землі.
13 Але чалавек у славе [доўга] трываць ня будзе, ён падобны да скаціны, якая гіне.
14 Гэткі шлях іхні, тых, якія спадзяюцца на сябе, і тых, якім [словы] вуснаў іхніх даспадобы. (Сэлях)
15 Як авечкі, у пекла яны зыйдуць, сьмерць пасьвіць іх будзе, і раніцаю правыя будуць мець уладу над імі, сіла іхняя ссохне, пекла — жытло іхняе.
16 Але Бог выбавіць душу маю з рукі пекла, бо Сам возьме мяне. (Сэлях)
17 Ня бойся, калі хто багацее, калі множыцца слава дому ягонага,
18 бо, калі памрэ, нічога ня возьме з сабою, і слава ягоная ня пойдзе за ім.
19 Хоць бы за жыцьця свайго душу сваю ён дабраслаўляў, і хвалілі яго, калі добра рабіў для сябе,
20 ён пойдзе за пакаленьнем бацькоў сваіх, што ня ўбачаць ніколі сьвятла.
21 Чалавек у славе і без разуменьня падобны да скаціны, якая гіне.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Псальмы, псальм 49

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023