Марнасьць багацьця

1 Кіраўніку хору. Сыноў Карэевых. Псальм.
2 Слухайце гэта, усе народы!
Зважайце вы, усе жыхары сусьвету.
3 Вы, людзі простыя, як і магнаты,-
багачы і ўбогія — разам.
4 Вусны мае аб’яўляюць мудрасьць,
а думкі сэрца майго — пазнаньне.
5 Прыхіляю вуха маё да прыповесьці,
выкрываю загадку маю пад ігру арфы.
6 Чаго мне баяцца ў дні няшчасьця,
калі абступае мяне і мучыць злосьць напасьнікаў?
7 Якія спадзяюцца на дастаткі свае
і хваляцца ўзростам багацьця свайго.
8 Ніхто выкупіць сам сябе ня можа,
ані заплаціць Богу за сябе.
9 Лішне дарагая была б цана за іх душу
і гэтага ня будзе ніколі.
10 Ці ж ён астаўся б навекі?
Дый ня ўбачыў бы магілы ніколі?
11 Але ж ён убачыць, што і мудрыя паміраюць
і дурныя ды няцямлівыя аднолькава прападаюць,
пакідаючы іншым сваё багацьце.
12 Іхнія магілы будуць іхнімі дамамі назаўсёды,
іх жыльлем зь веку ў век,
хоць бы сваім імянем называлі землі.
13 І чалавек у чэсьці не разумее (трываці ня будзе), —
падобны да жывелы, што йдзе на забой.
14 Гэткі лёс тых, што неразумна былі пэўныя сябе,
а іх канец такі, якія зь лёсу свайго былі задаволены.
15 Як авечкі яны ў край сьмерці зыходзяць,
сьмерць іх пасе, а
справядлівыя панаваць над імі будуць.
(раніцай постаць іхняя знікне,
а магіла — гэта іхняя сяліба).
16 Але Бог вызваліць маю душу з краіны памёршых
і возьме мяне да Сябе.
17 Ня бойся, калі чалавек багацее,
калі ўзрастае слава дому ягонага.
18 Бо, калі памрэ, дык нічога ня зможа ўзяці з сабою
і хвала ягоная ня пойдзе зь ім.
19 Хаця б за жыцьця ён патураў душы сваей,
кажучы: “Будуць хваліць цябе,
што ты дбаў аб сабе”.
20 Але ён пойдзе да роду сваіх бацькоў,
якія ніколі сьвятла не пабачаць.
21 Чалавек у роскашы не разумее
і падобны да жывёлы, што йдзе на забой.

Каментары ці зноскі:

УВАГА: Гэты псальм — павучальны: у першай частцы паказваецца марнасьць багацьця і зямной славы. Усё роўна мы ўсе памром: багатыя пакінуць сваю маёмасьць, а вялікія гэтага сьвету — сваю славу. — Затое праведныя будуць шчасьлівымі ў Бога.

І першая, і другая частка канчаецца перасьцярогай (верш 13 і 21), каб чалавек ня быў “падобны да жывёлы, што йдзе на забой”!


Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга псальмаў, псальм 49

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

2023, Алічбованне — Сяргей Шобік, biblia.by.