Аб злосьці і Божай дабраце

1 Кіраўніку хору: Слугі Гасподняга Давіда (псальм).
2 Да бязбожніка прамаўляе да глыбіні ягонага сэрца грэх:
няма баязьні Божае ў ягоных вачах.
3 Бо ён сабе патурае ў сваіх вачах:
нібыта шукае сваей віны, каб абрыдзіць яе.
4 Словы вуснаў ягоных — фальш і подступ:
Ён ня хоча разумець і тварыць дабро.
5 На ложы сваім ён плянуе неправасць:
трымаецца дарогі нядобрае і ня брыдзіцца злом.
6 Госпадзе! Міласьць твая — да нябёсаў,
а праўда да хмараў даходзіць.
7 Твая справядлівасьць як Божыя горы,
суды твае як бездань вялікая:
чалавека і зьвяра Ты хаваеш, Госпадзе.
8 Як каштоўна, о Божа, міласьць твая!
Сыны чалавечыя супачываюць у ценю крыльляў тваіх.
9 Насычаюцца тлустасьцяй дому твайго,
з крыніцы тваей роскашы Ты поіш іх.
10 Бо ў Табе ёсьць крыніца шчасьця:
праз тваю сьветласьць мы бачым сьвятло.
11 Захавай ласкавасьць тваю тым, што знаюць Цябе
і справядлівасьць тваю — людзям правага сэрца.
12 Каб нага гордага мяне не стаптала
і рука бязбожніка мяне не парушыла!
13 Так упалі злачынцы:
скіненыя яны не маглі падняцца.

Каментары ці зноскі:

а) Гэты псальм трудна зразумець: паказана тут блуднае сумленьне грэшніка, які хацеў бы — бяз чыстае пакуты — дайсьці да супакою духа, але надарэмна! Толькі шчырасьць перад Богам і жаль за грахі можа даць ратунак у неспакойным сумленьні.


Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга псальмаў, псальм 36

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.