Малітва выгнаньніка

1 Кіраўніку хору. На струнных. Псальм Давідавы.
2 Пачуй, о Божа, маё маленьне і зваж на маю просьбу!
3 Я клічу да Цябе ад краю зямлі,
бо млее сэрца маё:
узьвядзі мяне на скалу,
што для мяне недасяжная!
4 Бо Ты — для мяне прыпынкам, моцнай вежай супраць ворага.
5 Каб я мог жыць заўсёды ў тваей сялібе,
знайсьці ахову пад крыльлямі тваімі.
6 Бо Ты, Божа, выслухаў абяцаньні мае:
Ты даў мне спадчыну тых, што баяцца Імяні твайго.
7 Дадай днёў да днёў царавых,
каб гады яго былі з роду ў род!
8 Каб панаваў заўсёды перад абліччам Бога:
накажы Ласцы і Праўдзе, каб сьцераглі яго!
9 Тады я буду бязупынна сьпяваці Імяні твайму,
выпаўняючы мае абяцаньні з дня на дзень.

Каментары ці зноскі:

УВАГА: Будучы далёка — аж “на краю зямлі” — Давід моліцца, каб Бог даў магчымасьць вярнуцца з выгнаньня. Ад жыцьця дачаснага Давід узносіцца думкаю да сялібы вечнае.

У другой частцы псальму малітва дзеіцца за самога цара — аб ягоную даўгавечнасьць і за ягоных настаўнікаў “з роду ў род”.


Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга псальмаў, псальм 61

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.