Хвала Богу — Уладару сьвету

1 Радуйцеся ў Госпадзе, справядлівыя: праведным выпадае славіць (Бога).
2 Слаўце Госпада на гусьлях: іграйце Яму на ліры дзесяціструннай!
3 Сьпявайце Яму новую песьню: іграйце стройна і галасіста!
4 Бо слова Гасподняе — праўдзіва і ўсе ўчынкі Яго — верныя.
5 Ён любіць справядлівасьць: ласкавасьцяй Яго напоўнена зямля.
6 Словам Гасподнім створаны нябёсы і подыхам вуснаў ягоных — усе іх войскі.
7 Ён воды марскія грамадзіць быццам у мех:(а)
Ён складае іх у прорву (у бездань).
8 Няхай усенькая зямля баіцца Госпада
і ўсе жыхары сьвету няхай дрыжаць перад ім!
9 Ён сказаў і сталася! — Ён загадаў і зьявілася.
10 Госпад расстройвае меркаваньне народаў, — нішчыць людзкія замыслы.
11 Але намер Гасподні трывае навекі,
думкі сэрца ягонага — із роду ў род.
12 Шчасьлівы народ, якога Бог ёсьць Госпад
і племя, якое ён выбраў на ўласнасьць Сабе!
13 Госпад паглядае з вышыні неба:
бачыць усіх сыноў Адама.
14 Зь месца свайго пасаду Ён пазірае на ўсіх жыхароў зямлі.
15 Ён, які __________ сэрца кожнага, які зважае на ўсе іх учынкі.
16 Цар не перамагае мноствам войска
і вялікая сіла не абароніць волата.
17 Ашукаецца той, хто чакае ад каня перамогі:
вялікай сілай сваей ён ня выратуе.
18 Сапраўды, вока Гасподняе ёсьць над тымі,
што Яго баяцца і над тымі,
што спадзяюцца міласьці ягонай. —
19 Каб вызваліць іх душы ад сьмерці,
а падчас галадухі Ён захавае іх жывымі.
20 Душа нашая чакае Госпада:
Ён Сам — нашая помач і шчыт наш.
21 Дык у ім радасьць нашага сэрца
і ў Яго сьвятым Імяні нашая надзея.
22 Госпадзе, хай міласьць твая будзе над намі,
як мы на Цябе спадзяёмся!

Каментары ці зноскі:

а) У гарачых краёх Азіі ваду й віно хаваюць у скураных мяшкох — буклаках.


Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга псальмаў, псальм 33

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

2023, Алічбованне — Сяргей Шобік, biblia.by.