Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Псальмаў 33 Псальм 33 (32)

1 Весяліцеся, справядлівыя, у Госпадзе; справядлівым належыцца пахвала.
2 Вызнавайце Госпада на гуслях, грайце Яму на псалтыры дзесяціструннай.
3 Спявайце Яму новую песню, стройна Яму грайце з ускліканнямі.
4 Бо праўдзівае слова Божае, і ўсе справы Яго верныя.
5 Ён любіць справядлівасць і закон, зямля поўная міласэрнасці Госпада.
6 Словам Госпадавым створаны нябёсы і дыханнем вуснаў Яго кожная сіла іх.
7 Быццам у мяшок, збірае Ён воды марскія, у скарбніцах складае бяздонні.
8 Хай уся зямля баіцца Бога, перад абліччам Яго хай трымцяць усе жыхары свету.
9 Бо Ён сказаў, і сталася; Ён загадаў і стварылася.
10 Госпад разбурае намеры паганаў, пустымі робіць задумы людзей.
11 Намер Госпада трывае павечна, задумы Яго сэрца з роду ў род.
12 Шчасны той народ, для якога Госпад — гэта Бог, і той народ, які Ён выбраў Сабе ў спадчыну.
13 Госпад глядзіць з неба, бачыць усіх сыноў чалавечых.
14 Зірнуў Ён з месца Свайго пражывання на ўсіх тых, што насяляюць зямлю.
15 Ён, Які ўтварыў кожнаму паасобку сэрцы іх, Які разумее ўсе справы іх.
16 Не бывае вызвалены цар вялікай сілай і не вызваліцца волат дзякуючы вялікай сіле сваёй.
17 Ненадзейны конь для выратавання, і вялізнай сілай сваёй не ўратуе.
18 Вось вочы Госпада над тымі, што Яго баяцца, і да тых, якія спадзяюцца на Яго ласку.
19 Каб вырваў Ён у смерці душы іх і каб карміў іх у час голаду.
20 Душа наша мае надзею на Госпада. Ён — наш памочнік і абарона,
21 бо ў Ім узрадуецца наша сэрца, і ў імю Яго мы знайшлі надзею.
22 Дык няхай жыве міласэрнасць Твая, Госпадзе, да нас, як і мы ўскладаем надзею на Цябе.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Псальмаў, псальм 33

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017