1 Чаму бунтуюцца плямёны і народы задумваюць марнае?
2 Узнімаюцца цары зямлі і князі збіраюцца супольна супраць Госпада і супраць Намашчэнца Яго:
3 «Парвём кайданы іх, і ярмо іх скінем з сябе!»
4 Той, што жыве ў нябёсах, пасмяецца з іх, Госпад паздзекуецца з іх,
5 а потым скажа ім у гневе Сваім і ярасцю Сваёй узрушыць іх:
6 «Гэта Я паставіў Валадара Свайго на Сіёне, на святой гары Маёй!
7 Абвяшчу прысуд Госпадаў. Бо Ён сказаў мне: “Ты — сын Мой, Я сёння нарадзіў цябе.
8 Прасі Мяне, і Я дам табе ў спадчыну народы і на ўласнасць Табе зямныя прасторы.
9 Валадарыць будзеш імі кіем жалезным, нібы глінянае начынне скрышыш іх”».
10 А цяпер, цары, зразумейце, уцяміце [тыя], што выносіце прысуд на зямлі:
11 Служыце Госпаду са страхам і радуйцеся Яму з дрыжаннем,
12 Ушануйце Сына, каб не загневаўся і каб не папрападалі ў дарозе, калі ўзгарыцца неўзабаве гнеў Яго. Шчасныя ўсе, якія цвёрда спадзяюцца на Яго.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Псальмаў, псальм 2

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017