Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Псальмаў 118 Псальм 118 (117)

1 Алілуя. Вызнавайце Госпада, бо Ён добры, бо вечная міласэрнасць Яго.
2 Хай кажа цяпер дом Ізраэля, што Ён добры, што вечная міласэрнасць Яго.
3 Хай кажа цяпер дом Аарона, што вечная міласэрнасць Яго.
4 Хай кажуць цяпер тыя, што шануюць Госпада, што вечная міласэрнасць Яго.
5 У бядзе я звярнуўся да Госпада, і выслухаў мяне Госпад, Які выводзіць на прастору.
6 Госпад — Успаможца мой; не збаюся, бо што зробіць мне чалавек?
7 Госпад са мною, і я з пагардаю зірну на непрыяцеляў маіх.
8 Лепш бегчы да Госпада, чым спадзявацца на чалавека.
9 Лепш бегчы да Госпада, чым давярацца князям.
10 Усе паганы абступілі мяне кругом, і вынішчыў я іх у імя Госпада.
11 Абступаючы, акружаюць яны мяне, і вынішчыў я іх у імя Госпада.
12 Акружылі мяне, як пчолы, і ўзгарэліся, як агонь у цернях; і вынішчыў я іх у імя Госпада.
13 Піхаючы, штурхалі мяне, каб я паваліўся, і Госпад успамог мне.
14 Цвярдыня мая і хвала мая — Госпад, і стаўся Ён збаўленнем для мяне.
15 Гоман услаўлення і збаўлення чуецца ў палатках справядлівых:
16 «Правіца Госпада стварае магутнасць, правіца Госпада ўзвышае мяне, правіца Госпада стварае магутнасць!»
17 Не памру я, але буду жыць і раскажу пра справы Госпада.
18 Караючы, пакараў мяне Госпад, але смерці мяне не аддаў.
19 Адчыніце мне брамы справядлівасці; увайшоўшы праз іх, вызнаваць буду Госпада.
20 Гэта брама Госпада, справядлівыя ўвойдуць праз яе.
21 Буду вызнаваць Цябе, бо Ты выслухаў мяне і стаўся збаўленнем для мяне.
22 Камень, які адкінулі будаўнікі, ён стаўся галавою вугла.
23 Ад Госпада гэта сталася, і дзіўна ў вачах нашых.
24 Вось жа дзень, які ўчыніў Госпад: давайце радавацца і весяліцца ў ім.
25 О, Госпадзе, збаў мяне, о, Госпадзе, дай шчаслівае жыццё!
26 Дабраславёны, хто прыходзіць у імя Госпада. Дабраслаўляем вас з дому Госпада.
27 Бог — Госпад, і Ён асвятліў нас. Падрыхтуйце ахвяру з густым веццем аж да рагоў ахвярніка.
28 Ты — мой Бог, і я буду вызнаваць Цябе, Божа мой, і буду ўзвышаць Цябе.
29 Вызнавайце Госпада, бо Ён добры, бо вечная міласэрнасць Яго.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Псальмаў, псальм 118

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017