1 Алілуя! Шчасьлівыя беззаганныя ў дарозе, што ходзяць у законе Гасподнім.
2 Шчасьлівыя тыя, што дасьледуюць сьведчаньні Яго, усім сэрцам яны будуць шукаць Яго.
3 Бо тыя, што ня чыняць беззаконьня, хадзілі шляхамі Яго.
4 Ты загадаў пільна захоўваць прыказаньні Твае.
5 О, каб шляхі мае былі скіраваныя на захаваньне пастановаў Тваіх!
6 Тады не зазнаю сораму, калі буду зважаць на ўсе прыказаньні Твае.
7 Буду дзякаваць Табе ў правасьці сэрца майго, калі пазнаю суды Тваёй праведнасьці.
8 Буду захоўваць пастановы Твае: не пакідай мяне ніколі.
9 Як юнаку трымаць правым шлях свой? Захоўваючы слова Тваё.
10 Усім сэрцам маім я шукаў Цябе: не адкінь мяне ад Тваіх прыказаньняў.
11 У сэрцы маім я захаваў Твае павучаньні, каб не зграшыць перад Табою.
12 Блаславёны Ты, Госпадзе: навучы мяне Тваіх пастановаў.
13 Вуснамі маімі я абвясьціў усе суды вуснаў Тваіх.
14 Я насалоджваўся на шляху сьведчаньняў Тваіх, быццам усімі багацьцямі.
15 Буду разважаць над прыказаньнямі Тваімі і спазнаваць шляхі Твае.
16 Буду навучацца пастановаў Тваіх, словаў Тваіх не забуду.
17 Дай належнае слугу Твайму: ажыві мяне, і буду захоўваць словы Твае.
18 Адкрый вочы мае, і я спасьцігну цудоўныя рэчы з закону Твайго.
19 Я прыхадзень на зямлі, не хавай ад мяне прыказаньняў Тваіх.
20 Душа мая зьнемагала, жадаючы ўвесь час судоў Тваіх.
21 Ты папракнуў пыхлівых: праклятыя тыя, што ўхіляюцца ад прыказаньняў Тваіх.
22 Адымі ад мяне ганьбу і пагарду, бо я шукаў сьведчаньняў Тваіх.
23 Бо вось князі сядзелі і гаварылі супраць мяне, а слуга Твой разважаў аб пастановах Тваіх.
24 Бо вось сьведчаньні Твае — для мяне навука; і дарадчыкі мае — пастановы Твае.
25 Душа мая прыліпла да зямлі: ажыві мяне згодна са словам Тваім.
26 Я абвясьціў шляхі мае, і Ты выслухаў мяне: навучы мяне пастановаў Тваіх.
27 Дай мне зразумець шлях пастановаў Тваіх, і буду разважаць аб цудах Тваіх.
28 Душа мая задрамала ад нуды: умацуй мяне ў словах Тваіх.
29 Адхілі ад мяне шлях няправедны і законам Тваім памілуй мяне.
30 Я ўпадабаў шлях праўды і не забыў судоў Тваіх.
31 Я прыліп да сьведчаньняў Тваіх, Госпадзе: не пасаром мяне.
32 Я пабег шляхам прыказаньняў Тваіх, калі Ты пашырыў сэрца маё.
33 Пастаў мне законам шлях пастановаў Тваіх, Госпадзе, і я буду шукаць яго заўсёды.
34 Настаў мяне на розум, і я буду вывучаць закон Твой і ўсім сэрцам захоўваць яго.
35 Вядзі мяне сьцежкаю прыказаньняў Тваіх, бо я пажадаў яе.
36 Схілі сэрца маё да сьведчаньняў Тваіх, а не да карысьлівасьці.
37 Адвярні вочы мае, каб ня бачылі марнасьці: ажыві мяне на шляху Тваім.
38 Пастаў слова Тваё слугу Твайму на страх перад Табою.
39 Адымі маю ганьбу, якой баюся, бо суды Твае добрыя.
40 Вось я зажадаў прыказаньняў Тваіх: у праведнасьці Тваёй ажыві мяне.
41 І хай прыйдзе да мяне, Госпадзе, міласьць Твая, збаўленьне Тваё паводле слова Твайго.
42 І дам адказ тым, што ганьбяць мяне, бо я спадзяваўся на словы Твае.
43 І не адымі зусім ад вуснаў маіх слова праўды, бо я ўсклаў надзею на суды Твае.
44 І буду захоўваць закон Твой заўсёды і на вякі вечныя.
45 І хадзіў я свабодна, бо шукаў прыказаньняў Тваіх.
46 І гаварыў я пра Твае сьведчаньні перад уладарамі, і не саромеўся.
47 І разважаў я над прыказаньнямі Тваімі, якія вельмі палюбіў.
48 І ўзьняў я рукі мае да прыказаньняў Тваіх, якія палюбіў, і разважаў аб пастановах Тваіх.
49 Прыгадай словы Твае да слугі Твайго, якімі Ты абнадзеіў мяне.
50 Гэта суцешыла мяне ў паніжэньні маім, бо слова Тваё ажывіла мяне.
51 Пыхлівыя чынілі беззаконьне бясконца, але я ад закону Твайго не ўхіліўся.
52 Я прыгадаў, Госпадзе, Твае адвечныя суды і суцешыўся.
53 Роспач агарнула мяне за грэшнікаў, што пакінулі закон Твой.
54 Твае ўставы сталі мне песьняю на месцы майго блуканьня.
55 Я прыгадаў уночы імя Тваё, Госпадзе, і захаваў закон Твой.
56 Гэта сталася мне, бо я пільна шукаў Тваіх пастановаў.
57 «Частка мая Ты, Госпадзе», — сказаў я, каб захаваць Твой закон.
58 Ад усяго сэрца памаліўся я перад абліччам Тваім: зьмілуйся нада мною згодна са словам Тваім.
59 Я абдумаў шляхі Твае і скіраваў мае крокі да сьведчаньняў Тваіх.
60 Я быў гатовы і не баяўся захоўваць Твае пастановы.
61 Сеці грэшных аблуталі мяне, але я закону Твайго не забыў.
62 Уставáў я апоўначы, каб дзякаваць Табе за суды справядлівасьці Тваёй.
63 Я саўдзельнік усіх, што баяцца Цябе і захоўваюць прыказаньні Твае.
64 Зямля поўная міласьці Тваёй, Госпадзе: навучы мяне пастановаў Тваіх.
65 Добрае ўчыніў Ты са слугою Тваім, Госпадзе, паводле слова Твайго.
66 Навучы мяне дабрыні, і ведам, і розуму, бо я паверыў Тваім прыказаньням.
67 Перш як быць упакораным, я грашыў, таму цяпер захоўваю слова Тваё.
68 Добры Ты, Госпадзе: у дабрыні Тваёй навучы мяне пастановаў Тваіх.
69 Павялічылася няправеднасьць пыхлівых супраць мяне: а я ад усяго сэрца майго буду дасьледаваць прыказаньні Твае.
70 Сэрца іх, як малако, асырэла, а я разважаў аб законе Тваім.
71 Добра мне, што Ты скарыў мяне, каб я мог спазнаць пастановы Твае.
72 Закон вуснаў Тваіх для мяне лепшы за тысячы золата і срэбра.
73 Рукі Твае стварылі мяне і далі мне выгляд: дай мне разуменьне, і я буду навучацца прыказаньняў Тваіх.
74 Тыя, што баяцца Цябе, убачаць мяне і ўсьцешацца, бо я ўсклаў надзею на словы Твае.
75 Я зразумеў, Госпадзе, што суды Твае справядлівыя і што Ты слушна ўпакорыў мяне.
76 Хай міласьць Твая стане суцяшэньнем для мяне, згодна са словам Тваім слугу Твайму.
77 Хай спагада Твая прыйдзе на мяне, і буду жыць, бо закон Твой — навука для мяне.
78 Хай асаромяцца пыхлівыя, бо яны няслушна чынілі беззаконьне супраць мяне, а я буду разважаць над прыказаньнямі Тваімі.
79 Хай навернуць мяне тыя, што баяцца Цябе і ведаюць сьведчаньні Твае.
80 Хай сэрца маё будзе беззаганным у законах Тваіх, каб мне не асароміцца.
81 Душа мая млее па збаўленьні Тваім: я ўсклаў надзею на словы Твае.
82 Вочы мае млелі за словам Тваім, кажучы: «Калі ж суцешыш мяне?»
83 Бо вось я стаў, як мех [зморшчаны] на марозе, але пастановаў Тваіх не забыў.
84 Колькі дзён у слугі Твайго? Калі ж учыніш мне суд над тымі, што перасьледуюць мяне?
85 Беззаконныя расказвалі мне пра задумы свае, але не як у законе Тваім, Госпадзе.
86 Усе прыказаньні Твае — праўда. Перасьледавалі мяне несправядліва: дапамажы мне.
87 Мала не загубілі мяне на зямлі, але я не пакінуў прыказаньняў Тваіх.
88 У міласэрнасьці Тваёй ажыві мяне, і я буду захоўваць сьведчаньні вуснаў Тваіх.
89 Слова Тваё, Госпадзе, павек прабывае ў небе.
90 Праўда Твая трывае з пакаленьня ў пакаленьне: Ты заснаваў зямлю, і яна стаіць.
91 Тваім загадам трывае дзень, бо ўсё служыць Табе.
92 Калі б закон Твой ня быў для мяне навукаю, я згінуў бы ў паніжэньні маім.
93 Давеку не забуду пастановаў Тваіх, бо імі Ты мяне ажывіў.
94 Я — Твой: збаў мяне, бо я шукаў пастановаў Тваіх.
95 Грэшнікі чакалі мяне, каб мяне загубіць: я зразумеў сьведчаньні Твае.
96 Я бачыў мяжу кожнай дасканаласьці: Тваё ж прыказаньне вельмі шырокае.
97 Як палюбіў я закон Твой, Госпадзе! Увесь дзень ён — навука для мяне.
98 Тваім прыказаньнем Ты зрабіў мяне мудрэйшым за ворагаў маіх, і яно стала маім давеку.
99 Я разумеў больш за ўсіх настаўнікаў маіх, бо разважаў над Тваімі сьведчаньнямі.
100 Я разумеў больш за старых, бо шукаў Тваіх прыказаньняў.
101 Я ўстрымаў ногі мае ад кожнага благога шляху, каб захаваць словы Твае.
102 Не ўхіліўся я ад судоў Тваіх, бо Ты даў мне закон.
103 Якія салодкія для паднябеньня майго словы Твае: лепшыя яны за мёд для вуснаў маіх!
104 Ад прыказаньняў Тваіх навучыўся я розуму, таму я ўзьненавідзеў кожны няправедны шлях.
105 Закон Твой — сьветач для ног маіх і сьвятло на шляхах маіх.
106 Я пакляўся і пастанавіў захоўваць суды справядлівасьці Тваёй.
107 Я вельмі прыгнечаны: ажыві мяне, Госпадзе, згодна са словам Тваім.
108 Прымі ласкава, Госпадзе, дабравольныя ахвяры вуснаў маіх і навучы мяне судоў Тваіх.
109 Душа мая заўсёды ў руках Тваіх, і закону Твайго я не забыў.
110 Грэшнікі паставілі пастку на мяне, але я не адхіліўся ад прыказаньняў Тваіх.
111 Я атрымаў у спадчыну сьведчаньні Твае навек, бо яны — радасьць сэрца майго.
112 Я нахіліў сэрца маё, каб павек спаўняць пастановы Твае дзеля аддзякі.
113 Я ўзьненавідзеў законапарушальнікаў, а закон Твой палюбіў.
114 Ты мой памочнік і мой заступнік, я ўсклаў надзею на словы Твае.
115 Адыдзіце ад мяне вы, што чыніце зло, і я буду дасьледаваць прыказаньні Бога майго.
116 Падтрымай мяне згодна са словам Тваім, і ажыві мяне, і не пасаром мяне ў спадзяваньні маім.
117 Памажы мне, і я збаўлюся, і буду ўвесь час навучацца пастановаў Тваіх.
118 Ты пагардзіў тымі, што адступаюць ад пастановаў Тваіх, бо думка іх няправедная.
119 Я лічыў парушальнікамі ўсіх грэшнікаў зямлі, таму я палюбіў сьведчаньні Твае.
120 Прыбі маё цела да страху Твайго, бо я баюся судоў Тваіх.
121 Я чыніў суд і справядлівасьць: не аддай мяне тым, што крыўдзяць мяне.
122 Прымі слугу Твайго на дабро, каб пыхлівыя ня ўзводзілі паклёп на мяне.
123 Вочы мае саслаблі ў чаканьні збаўленьня Твайго і слова справядлівасьці Тваёй.
124 Учыні са слугой Тваім паводле міласэрнасьці Тваёй і навучы мяне Тваіх пастановаў.
125 Я слуга Твой, настаў мяне на розум, і я спазнаю сьведчаньні Твае.
126 Час Госпаду дзейнічаць: яны зламалі закон Твой.
127 Дзеля гэтага я палюбіў прыказаньні Твае больш за золата і тапазы.
128 Дзеля гэтага я паступаў згодна з усімі Тваімі прыказаньнямі і кожны няправедны шлях узьненавідзеў.
129 Годныя подзіву сьведчаньні Твае: таму душа мая дасьледуе іх.
130 Паясьненьне словаў Тваіх прасьветліць і наставіць на розум маленькіх.
131 Я адкрыў вусны мае і ўздыхнуў, бо прагнуў прыказаньняў Тваіх.
132 Глянь на мяне і зьмілуйся нада мною, як робіш з тымі, што любяць імя Тваё.
133 Накіруй мае крокі паводле словаў Тваіх: хай ніякае беззаконьне не валодае мною.
134 Выбаў мяне ад намоваў людзкіх, і я захаваю Твае прыказаньні.
135 Дай зазьзяць твару Твайму слугу Твайму і навучы мяне Тваіх пастановаў.
136 Струмені сьлёз пралілі вочы мае, бо я не захаваў закону Твайго.
137 Справядлівы Ты, Госпадзе, і праведныя суды Твае.
138 Ты даручыў справядлівасьці і дасканалай праўдзе быць сьведкамі Тваімі.
139 Руплівасьць аб Табе зьнясіліла мяне, бо ворагі мае забыліся на словы Твае.
140 Слова Тваё добра выпрабаванае агнём, і слуга Твой палюбіў яго.
141 Малады я і пагарджаны, але не забыў пастановаў Тваіх.
142 Справядлівасьць Твая — справядлівасьць павек, і закон Твой — праўда.
143 Сум і гора абступілі мяне: прыказаньні Твае — навука для мяне.
144 Сьведчаньні Твае — справядлівасьць навекі: дай мне разуменьне іх, і буду жыць.
145 Я клікаў ад усяго сэрца майго: выслухай мяне, Госпадзе, буду шукаць пастановаў Тваіх.
146 Я клікаў Цябе: збаў мяне, і буду захоўваць сьведчаньні Твае.
147 Я апярэдзіў сьвітанак і клікаў, спадзяваўся на словы Твае.
148 Вочы мае апярэдзілі раніцу, каб разважаць над словамі Тваімі.
149 У міласэрнасьці Тваёй пачуй голас мой, Госпадзе, ажыві мяне згодна з судом Тваім.
150 Тыя, што беззаконна перасьледуюць мяне, наблізіліся да мяне, а ад закону Твайго адышлі.
151 Блізка Ты, Госпадзе, і ўсе шляхі Твае — праўда.
152 Ад пачатку я ведаў з сьведчаньняў Тваіх, што Ты іх устанавіў навекі.
153 Глянь на ўпакораньне маё і ратуй мяне, бо я не забыў закону Твайго.
154 Судзі справу маю і вызвалі мяне; ажыві мяне дзеля слова Твайго.
155 Далёкае збаўленьне ад грэшнікаў, бо не шукалі яны пастановаў Тваіх.
156 Шматлікія міласьці Твае, Госпадзе: ажыві мяне згодна з судом Тваім.
157 Шмат тых, што нападаюць на мяне і перасьледуюць мяне, але ад сьведчаньняў Тваіх я не ўхіліўся.
158 Бачыў я бяздумных і засмуціўся, бо яны словаў Тваіх не захавалі.
159 Глянь, як я палюбіў прыказаньні Твае, Госпадзе!У міласэрнасьці Тваёй ажыві мяне.
160 Пачатак словаў Тваіх — праўда, і вечныя ўсе законы Тваёй справядлівасьці.
161 Князі перасьледавалі мяне без прычыны, а сэрца маё збаялася словаў Тваіх.
162 Буду цешыцца са словаў Тваіх, як той, хто знайшоў вялікую здабычу.
163 Несправядлівасьць ненавісная і агідная мне, а закон Твой я палюбіў.
164 Сем разоў у дзень я хваліў Цябе за Твае справядлівыя суды.
165 Супакой глыбокі тым, што любяць закон Твой: яны не спатыкнуцца.
166 Я чакаў збаўленьня Твайго, Госпадзе, і палюбіў Твае прыказаньні.
167 Душа мая захавала сьведчаньні Твае і моцна палюбіла іх.
168 Я захаваў прыказаньні Твае і сьведчаньні Твае, бо ўсе шляхі мае перад Табою, Госпадзе.
169 Хай малітва мая наблізіцца да Цябе, Госпадзе: дай мне разуменьне згодна са словам Тваім.
170 Хай просьба мая дойдзе да Цябе, Госпадзе: выратуй мяне згодна са словам Тваім.
171 Вусны мае запяюць песьню хвалы, калі Ты навучыш мяне Тваіх пастановаў.
172 Язык мой будзе абвяшчаць словы Твае, бо ўсе прыказаньні Твае справядлівыя.
173 Хай рука Твая стане мне на збаўленьне, бо я выбраў прыказаньні Твае.
174 Я прагнуў збаўленьня Твайго, Госпадзе, і закон Твой — навука для мяне.
175 Душа мая будзе жыць і хваліць Цябе, а суды Твае дапамогуць мне.
176 Згубіўся я, быццам заблудная авечка: адшукай слугу Твайго, бо я не забыў прыказаньняў Тваіх.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Псалтыр Давіда, псальм 118

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.