1 Кіраўніку хору. «Не загубі». Памятная песьня Давіда, калі Саўл паслаў сьцерагчы ягоны дом і забіць яго.
2 Выбаў мяне ад ворагаў маіх, Божа, і ад тых, што паўстаюць на мяне, ратуй мяне.
3 Вызвалі мяне ад тых, што чыняць беззаконьне, і ад мужоў крыві збаў мяне.
4 Бо вось яны ўпалявалі душу маю; дужыя напалі на мяне не за грэх мой, Госпадзе, і не за правіны мае.
5 Я бег беззаганна і проста: устань насустрач мне і глянь.
6 І Ты, Госпадзе, Божа сілаў, Божа Ізраіля, май на ўвазе наведаць усе народы, ня будзь міласьцівы да ўсіх, што чыняць беззаконьне.
7 Увечары вернуцца яны, і будуць галодныя, як сабака, і абыдуць кругом места.
8 Вось яны будуць бурчаць вуснамі сваімі, а ў вуснах іх меч, бо хто чуў?
9 Але Ты, Госпадзе, пасьмяесься з іх, Ты пасароміш усе народы.
10 Сілу маю ў Табе захаваю, бо Ты, Божа, заступнік мой.
11 Бог мой, міласьць Яго апярэдзіць мяне: Бог мой пакажа мне яе на ворагах маіх.
12 Не забівай іх, каб не забылі закону Твайго: разгані і ўпакор іх сілаю Тваёю, Госпадзе, заступнік мой.
13 Грэх вуснаў іх — словы языка іх, дык хай заблытаюцца ў пыхлівасьці сваёй; і з-за праклёнаў і хлусьні стане ім вядомы канец —
14 канец у гневе, — і ня стане іх. І пазнаюць яны, што Бог уладарыць над Якубам, над канцамі зямлі.
15 Увечары вернуцца яны, і будуць галодныя, як сабака, і абыдуць навокал места.
16 Яны разыдуцца есьці, а як не насыцяцца, будуць наракаць.
17 А я буду сьпяваць пра сілу Тваю і зранку абвяшчаць Тваю міласэрнасьць, бо Ты стаў мне заступнікам і прытулкам у дзень бяды маёй.
18 Ты мой памочнік, буду апяваць Цябе, бо Ты, Божа, заступнік мой, Бог мой, міласьць мая.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Псалтыр Давіда, псальм 58
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.