1 Псалом Давіда. Песьня пры пасьвячэньні дому Давіда.
2 Буду ўзьвялічваць Цябе, Госпадзе, бо Ты ўзьняў мяне і ня даў ворагам маім пацяшацца з мяне.
3 Госпадзе, Божа мой, я клікаў Цябе, і Ты ацаліў мяне.
4 Ты, Госпадзе, вывеў душу маю з апраметнай, выратаваў мяне ад тых, што сыходзяць у магілу.
5 Сьпявайце Госпаду, сьвятыя Яго, і аддайце хвалу памяці сьвятасьці Яго,
6 бо лютасьць у гневе Яго, а жыцьцё ў добрай волі Яго. Увечары плач настане, а радасьць раніцай.
7 А я сказаў у дастатку маім: «Не пахіснуся давеку».
8 Госпадзе, з волі Тваёй Ты даў сілу красе маёй; Ты адвярнуў твар Твой, і я сумеўся.
9 Цябе, Госпадзе, буду клікаць, буду маліцца Богу майму.
10 Якая карысьць з маёй крыві, калі я сыду ў тленнасьць? Ці ж будзе прах славіць Цябе або абвяшчаць праўду Тваю?
11 Госпад пачуў мяне і зьмілаваўся нада мною. Госпад стаў мне памочнікам.
12 Ты перамяніў мой плач на радасьць мне, разарваў маё зрэб’е і падперазаў мяне весялосьцю,
13 каб слава мая апявала Цябе і каб мне не тужыць. Госпадзе, Божа мой, буду дзякаваць Табе давеку!
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Псалтыр Давіда, псальм 29
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.