1 Псалом Давіда. Радуйцеся, праведныя, у Госпадзе: праведным належыць пахвала.
2 Слаўце Госпада на гусьлях, на дзесяціструнным псалтыры грайце Яму.
3 Засьпявайце Яму новую песьню, грайце Яму стройна, усклікаючы,
4 бо слова Гасподняе правае і ўсе ўчынкі Яго годныя веры.
5 Госпад любіць міласэрнасьць і суд. Міласьці Гасподняй поўная зямля.
6 Словам Гасподнім умацаваліся нябёсы і подыхам вуснаў Яго — уся сіла іх.
7 Ён, быццам мех, зьбірае марскія воды, у сховішчах трымае бездані.
8 Хай уся зямля баіцца Госпада, хай трымцяць перад Ім усе, што жывуць на сьвеце,
9 бо Ён сказаў, і яны ўзьніклі; Ён загадаў, і былі створаныя.
10 Госпад разбурае намеры народаў, адмяняе задумы людзей і адкідае намеры князёў.
11 А воля Гасподняя трывае вечна, задумы сэрца Яго — з пакаленьня ў пакаленьне.
12 Шчасьлівы народ, у якога Госпад — Бог яго, людзі, якіх Ён выбраў спадчынай сабе.
13 Госпад з неба глянуў, Ён убачыў усіх сыноў людзкіх;
14 з гатовага жыльля свайго глянуў на ўсіх жыхароў зямлі
15 Той, хто сэрцы іх паасобку стварыў і хто разумее ўсе ўчынкі іх.
16 Не ўратуецца ўладар вялікай сілаю, і ня збавіцца волат веліччу магутнасьці сваёй.
17 Ненадзейны конь для ратунку, і вялікай сілаю сваёю ня збавіцца ён.
18 А вочы Госпада на тых, што баяцца Яго, што спадзяюцца на Яго міласьць,
19 каб выратаваць ад сьмерці душы іх і даць ім спажыву ў час голаду.
20 Душа наша чакае Госпада, бо Ён наш памочнік і абаронца,
21 бо ў Ім узрадуецца сэрца наша, і мы ўсклалі надзею на імя сьвятое Яго.
22 Хай міласьць Твая, Госпадзе, будзе на нас, бо мы ўсклалі надзею на Цябе!
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Псалтыр Давіда, псальм 32
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.