1 Псалом Давіда.

Радуйцеся, правядныя, Богу,
Правядным належыць усхваляць.
2 Усхваляйце Госпада на гуслях,
На псалціры ў дзесяць струн спявайце Яму.
3 Заспявайце Яму песню новую,
Хораша спявайце Яму, з усклікненнем.
4 Бо праўда слова Божае,
І ўсім справам Яго веруйце.
5 Любіць міласэрнасць і праўду Госпад,
Міласэрнасцю Божай напоўнена зямля.
6 Словам Божым неба зацверджана,
І Духам вуснаў Яго — сілы нябесныя.
7 Збірае, як у мяхі, воды марскія,
Складае бездані ў скарбніцы.
8 Да баіцца Бога ўся зямля,
Да трапечуць ад Бога ўсе жывучыя ў сусвеце.
9 Бо Ён гаворыць і робіцца,
Загадвае і ўтвараецца.
10 Бог разганяе рады плямёнаў,
Адмятае думкі чалавечыя і адмятае рады паноў.
11 Рада ж Божая навекі будзе,
І думка сэрца Яго — ад роду да роду.
12 Шчаслівы народ, які мае Бога богам сваім,
Гэта людзі, што Бог узяў у спадчыну Сабе.
13 З неба глядзіць Бог,
Бачыць сыны чалавечыя.
14 З прыгатаванай сялібы Сваёй
На жывучых на зямлі паглядае.
15 Ён адзіны сатварыў сэрцы іх,
Ён адзіны разумее ўсе справы іх.
16 Не ўратуецца цар войскам вялікім,
І волат не ўратуецца мноствам сілы сваёй.
17 Конь не дапаможа ўратавацца,
Вялікай сілай сваёй не ўратуецца.
18 Вось вочы Божыя глядзяць на багабаязных,
На тых, хто спадзяецца на міласнасць Яго.
19 Збавіць ад смерці душы іхнія
І накорміць іх у голад.
20 Душа наша прагне Бога,
Бо Памагаты і Збавіцель наш ёсць.
21 Бо аб Ім вясяліцца сэрца нашае,
І на імя Ягонае святое спадзяемся.
22 Няхай будзе, Божа, міласэрнасць Твая да нас,
Бо спадзяёмся на Цябе.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Псалцір, псальм 32

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Public Domain

Public Domain — народны здабытак.
Міхаіл Астапчык.
© 2005−2015