1 Давідава. Навука. Шчасьлівы, каму дараваны выступ, каму пакрыты грэх.
2 Шчасьлівы чалавек, катораму не паліча СПАДАР бяспраўя, і ў каторага духу няма ашукі.
3 Як я маўчэў, зьвялі косьці мае, як стагнаў цэлы дзень;
4 Бо дзень і ноч цяжарыла над імною рука Твая, абярнулася вогкасьць мая ў летны сухмень. Сэля.
5 Свой грэх я вызнаў Табе, бяспраўя свайго ня прыкрыў: я сказаў: «Выспавядаюся з выступаў сваіх СПАДАРУ»; і Ты дараваў бяспраўе грэху майго. Сэля.
6 Затым памоліцца кажны дабрачэсьлівы Табе ў належную пару, і ў паводку вялікіх водаў яго не дасягнуць яны.
7 Ты схоў імне; Ты бароніш мяне ад бяды, песьняю выбаўленьня Ты ахінаеш мяне. Сэля.
8 Я наўчу цябе і пакажу табе дарогу, па каторай маеш ісьці; Я буду радзіць табе Сваім вокам.
9 Ня будзьце, як конь альбо мул без разуменьня, абратаць а кілзаць надабе яго, каб удзяржаць яго, каб не дабліжыўся да цябе.
10 Шмат боляў у нягоднага; але таго, хто спадзяецца на СПАДАРА, ласка ахінець.
11 Весяліцеся ў СПАДАРУ й цешчася, справядлівыя, і гукайце з радасьці, усі пасьцівага сэрца!
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Псалтыр, псальм 32

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.