1 Псальма Асафова. Запраўды добры Бог да Ізраелю, да чыстых сэрцам.
2 А я, — ледзь не пахіснуліся ногі мае, за малым не пакаўзнуліся ступы мае;
3 Бо я завідаваў пыхатым, як бачыў дабрабыт нягодных;
4 Бо ня спутаны яны аж да сьмерці, і здаровае цела іхнае.
5 У працы людзіны іх няма, і з чалавекам ня лучаюць пад вытні.
6 Затым прыбор іхны — пыха; усілства пакрывае іх, як адзецьце.
7 Вылупіліся ад туку вочы іхныя, сэрцы іхныя пераліваюцца шалам.
8 Насьміхаюцца; злосна гукаюць праз уціск; згары гукаюць.
9 На нябёсы падыймаюць рот свой, і язык іхны пахаджае па зямлі.
10 Затым люд Ягоны зварачаецца туды, і ў множасьці п’юць ваду,
11 І кажуць: «Як можа Бог ведаць? ці ё там веданьне ў Навышняга?»
12 Вось, гэтыя нягодныя, яны заўсёды супакойныя і зьбіраюць багацьце.
13 Дык дарма я чысьціў сэрца свае, і мыў у нявіннасьці рукі свае,
14 І быў немарашчаны ўвесь дзень і ганены раніцамі.
15 Калі б я сказаў: «Буду я так гукаць, як яны», то быў бы няверны роду сыноў Тваіх.
16 І думаў я, як сьцяміць гэта, стомаю гэта было ў аччу маім,
17 Пакуль я не пашоў да сьвятыняў Божых і ня сьцяміў канец іх.
18 Запраўды на коўзкасьць Ты пастанавіў іх, кінуў іх на спустошаньне.
19 Бы за часіну яны абярнуліся ў пусташ, сканалі, шчэзьлі ад ляку!
20 Як сьненьні, калі хтось прачыхаецца; Спадару, пабудзіўшы, Ты пагрэбуеш абразом іхным.
21 Як гарчэла сэрца мае і ў нутру маім калола,
22 Недасьціпны быў я й ня ведаў, быў як статак перад Табою.
23 Але я кажначасна пры Табе, Ты дзяржыш мяне за правую руку.
24 Радаю Сваёю вядзеш мяне і потым у славу прыймеш мяне.
25 Хто імне на нябёсах? і з Табою нічога не хачу на зямлі.
26 Змаглося цела мае а сэрца мае; скала сэрца майго і дзель мая Бог на векі.
27 Бо гля, тыя, што здаляюцца ад Цябе, загінуць; Ты губіш тых, што блудзяць, адыходзячы ад Цябе.
28 Але я, — блізіня Бога добрая імне, — Спадара свайго СПАДАРА я ўчыніў прытулішчам сваім, каб агалашаць усі ўчынкі Твае.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Псалтыр, псальм 73

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.