Біблія » Пераклады » Пераклад Яна Станкевіча

Псалтыр 119 Псальм 119 (118)

Алеф

1 Шчасьлівыя беззаганныя ў дарозе, што ходзяць у Праве СПАДАРОВЫМ.
2 Шчасьлівыя тыя, што дзяржаць сьветчаньні Ягоныя, усім сэрцам шукаюць Яго,
3 Бо ня робяць бяспраўя, дарогамі Ягонымі ходзяць.
4 Ты расказаў расказаньні Твае вельма дзяржаць.
5 О каб дарогі мае былі ськіраваны дзяржаці ўставы Твае!
6 Тады б я не засарамаціўся, гледзячы на ўсі расказаньні Твае.
7 Буду выхваляць Цябе ў пасьцівасьці сэрца, наўчыўшыся справядлівых судоў Тваіх.
8 Буду дзяржаць уставы Твае; не пакінь мяне сусім.

Беф

9 Як можа ачысьціць маладзён сьцежку сваю? Дзяржаньням сябе подле слова Твайго.
10 Усім сэрцам сваім шукаў я Цябе; ня дай імне абмыліцца ўзглядам расказаньняў Тваіх.
11 У сэрцу сваім захаваў я слова Твае, каб не грашыць перад Табою.
12 Дабраславёны Ты, СПАДАРУ; наўчы мяне ўставаў Сваіх.
13 Вуснамі сваімі абяшчаў я ўсі суды вуснаў Тваіх.
14 На дарозе сьветчаньняў Тваіх я пацешыўся, як з усёга багацьця.
15 Праз расказаньні Твае буду размышляць і на сьцежкі Твае буду глядзець.
16 Уставы Твае буду любаваць, не забудуся слова Твайго.

Гімель

17 Заплаці слузе Свайму, буду жыць і дзяржаць слова Твае.
18 Адчыні вочы мае, і я абачу дзіва з права Твайго.
19 Чужаземец я на зямлі; не схавай ад мяне расказаньняў Сваіх.
20 Патрышчана душа мая ад жаданьня судоў Тваіх у кажным часе.
21 Ты зганіў праклятых самадыйнікаў, што адхінаюцца ад расказаньняў Тваіх.
22 Адвярні ад мяне ганьбу а грэбаваньне, бо я захаваў сьветчаньні Твае.
23 Хоць сядзелі князі і абмаўлялі мяне, слуга Твой размышляў уставы Твае.
24 Таксама сьветчаньні Твае — любата мая, параднікі мае.

Далеф

25 Прыліпла да пылу душа мая; пажваў мяне подле слова Свайго!
26 Я абясьціў дарогі свае, і Ты адказаў імне; наўчы мяне ўставаў Тваіх!
27 Дарогу загадаў Тваіх дай імне ўцяміць, і размышляць буду дзівы Твае.
28 Душа мая тае з тугі; умацуй мяне подле слова Свайго!
29 Дарогу маны адвярні ад мяне і правам Сваім з ласкі Свае даруй мяне!
30 Дарогу вернасьці абраў я, суды Твае паклаў перад сабою.
31 Я прыліп да сьветчаньняў Тваіх; СПАДАРУ, не засаром мяне.
32 Пабягу дарогаю расказаньняў Тваіх, бо Ты пашырыш сэрца мае.

Гэ

33 Наўчы мяне, СПАДАРУ, дарогі ўставаў Сваіх, каб я дзяржаўся яе да канца.
34 Дай імне цямленьне, і я захаваю права Твае й дзяржаці буду ўсім сэрцам яго.
35 Вядзі мяне па сьцежцы расказаньняў, бо я любую іх.
36 Нахіні сэрца мае да сьветчаньняў Сваіх, а не да гальлівасьці.
37 Адвярні вочы мае ад глядзеньня пусьціні й пажваў мяне на дарозе Сваёй.
38 Пацьвярдзі слузе Свайму слова Свае, каторае ё тым, што баяцца Цябе.
39 Адвярні ганьбу маю, каторай я баюся; бо суды Твае добрыя.
40 Вось, я жадаю загадаў Тваіх; пажваў мяне подле справядлівасьці Свае.

Ваў

41 І няхай прыйдзе да мяне міласэрдзе Твае, СПАДАРУ, спасеньне Твае подле слова Твайго,
42 Дык я адкажу ганьбячаму мяне словам, бо я спадзяюся на слова Твае.
43 І не адбірай з вуснаў маіх супоўна слова праўды; бо на суд Твой я спадзяюся;
44 І буду дзяржаці права Твае кажначасна на векі а векі.
45 Буду хадзіць па прасторы, бо я шукаю загадаў Тваіх.
46 Вуду гукаць сьветчаньні Твае перад каралямі і не засаромлюся.
47 І буду любаваць расказаньні Твае, каторыя я ўлюбіў.
48 І падыйму далоні свае да расказаньняў Тваіх, каторыя я ўлюбіў, і буду размышляць уставы Твае.

Заін

49 Прыпомні слова слузе Свайму, на каторае Ты казаў імне спадзявацца.
50 Гэта пацеха мая ў гору маім, што слова Твае жвавіла мяне.
51 Самадыйнікі за вельмі асьміялі мяне; ад права Твайго я не адхінаўся.
52 Памятую спрадвечныя суды Твае, СПАДАРУ, і цешуся.
53 Палаючае абурэньне абняло мяне з прычыны нягодных, каторыя пакінулі права Твае.
54 Песьнямі былі імне ўставы Твае ў доме падарожжа майго.
55 Я памятаваў ночы імя Твае, СПАДАРУ, дзяржаў права Твае.
56 Гэта сталася, бо я дзяржу загады Твае.

Хэт

57 Дзель мая, СПАДАРУ, сказаў я, дзяржаці слова Твае.
58 Усім сэрцам я маліў відзеньне Твае: будзь ласкучынюшчым імне подле слова Свайго.
59 Я думаў у дарозе сваёй і павярнуў ногі свае да сьветчаньняў Тваіх.
60 Пабарзьдзіў і не забавіўся паўніці расказаньні Твае.
61 Вяткі нягодных абступілі мяне; я не забыўся права Твайго.
62 Сярод ночы я ўстану дзякаваць Табе за справядлівыя суды Твае.
63 Я сябра ўсіх, што баяцца Цябе, і тых, што поўняць загады Твае.
64 Міласэрдзя Твайго, СПАДАРУ, поўная зямля; уставаў Сваіх наўчы мяне.

Тэт

65 Ты абходзіўся добра із слугою Сваім, СПАДАРУ, подле слова Свайго.
66 Добрага розуму а веданьня наўчы мяне, бо я паверыў расказаньням Тваім.
67 Перад дазнаньням сваім я блудзіў, але цяпер заховую слова Твае.
68 Ты добры й дзееш дабро; уставаў Сваіх наўчы мяне.
69 Пушчалі на мяне брахню самадыйнікі, але я ўсім сэрцам буду дзяржаць загады Твае.
70 Сэрца іхнае нячульлівае, як тук; я люблю права Твае.
71 Добра імне, што я меў дазнаньне, каб наўчыцца ўставаў Тваіх.
72 Лепшае імне права вуснаў Тваіх за тысячы золата а срэбра.

Ёд

73 Рукі Твае ўчынілі мяне і ўмацавалі мяне; дай імне кемнасьць, і я наўчуся расказаньняў Тваіх.
74 Тыя, што баяцца Цябе, абачаць мяне й будуць цешыцца, бо я спадзяваўся на слова Твае.
75 Я ведаю, СПАДАРУ, што суды Твае справядлівыя, і Ты подле вернасьці Свае даваў імне дазнаньні.
76 Хай будзе ж міласэрдзе Твае пацехаю імне, подле слова Твайго слузе Твайму.
77 Няхай спагадлівасьць Твая прыйдзе да мяне, і я пажвавею; бо права Твае — любата мая.
78 Няхай будуць засаромленыя самадыйнікі, бо няпраўдаю яны скрывілі мяне; я буду размышляць праз загады Твае.
79 Няхай зьвернуцца да мяне тыя, што баяцца Цябе, і ведаючыя сьветчаньні Твае.
80 Няхай сэрца мае будзе беззаганнае ў вуставах Тваіх, каб я не асарамаціўся.

Каф

81 Тужа да спасеньня Твайго душа мая; на слова Твае спадзяюся.
82 Вочы мае тужаць да слова Твайго, кажучы: «Калі Ты пацешыш мяне?»
83 Бо я стаў, як мех у дыме; уставаў Тваіх не забыўся я.
84 Колькі дзён слугі Твайго? калі Ты зробіш суд над тымі, што перасьлядуюць мяне?
85 Самадыйнікі выкапалі ямы на мяне, што ня подле права Твайго.
86 Усі расказаньні Твае верныя; манліва перасьлядуюць мяне; памажы імне.
87 Ледзь не загубілі мяне на зямлі, але я не пакінуў загадаў Тваіх.
88 З ласкі Свае пажваў мяне, і буду дзяржаць сьветчаньні вуснаў Тваіх.

Ламед

89 На векі, СПАДАРУ, слова Твае ўмацавана на нябёсах.
90 Ад пакаленьня да пакаленьня вернасьць Твая. Ты ўмацаваў зямлю, і яна стаіць.
91 Подле судоў Тваіх стаяць яны сядні, бо ўсі слугі Твае.
92 Калі б ня права Твае было любатою імне, я загінуў бы ў дазнаньню сваім.
93 Ніколі не забудуся загадаў Тваіх, імі Ты жвавіш мяне.
94 Я Твой, спасі мяне; бо я шукаў загадаў Тваіх.
95 Нягодныя спадзяваліся мяне, каб загубіць мяне; сьветчаньні Твае буду разважаці.
96 Усіх дасканальнасьцяў я бачыў канец; расказаньні Твае вельма шырокія.

Мем

97 Як люблю я права Твае! Увесь дзень яно размышляньне мае.
98 За непрыяцеляў маіх робяць мяне мудрэйшым расказаньні Твае, бо на векі яны з імною.
99 За ўсіх вучыцеляў сваіх я стаў разумнейшы, бо сьветчаньні Твае — размышляньне мае.
100 Болей за старцоў я цямлю, бо дзяржу расказаньні Твае.
101 Ад кажнае благое дарогі я ўзьдзержаваў ногі свае, каб мог зьдзяржаці слова Твае.
102 Ад судоў Тваіх я не адвярнуўся, бо Ты наўчыў мяне.
103 Якія салодкія словы Твае паднябеньню майму! салодшыя за мёд роту майму.
104 Загадамі Тваімі я стаў кямнейшы, затым ненавіджу кажную манлівую дарогу.

Нун

105 Сьвечка назе маёй слова Твае і сьвятло сьцежцы маёй.
106 Я прысягнуў і споўню, што буду дзяржаць справядлівыя суды Твае.
107 Паніжаны я за вельмі, СПАДАРУ, пажваў мяне подле слова Свайго.
108 Самахотных аброкаў вуснаў маіх зыч жа, СПАДАРУ, і судоў Тваіх наўчы мяне.
109 Душа мая кажначасна ў руццэ маёй, і права Твайго не забудуся.
110 Наставілі нягодныя пасадку на мяне; із загадаў Тваіх ня зблудзіў я.
111 Спалі імне сьветчаньні Твае на векі, бо яны весялосьць сэрца майго.
112 Я нахінуў сэрца свае паўніці ўставы Твае па век, аж да канца.

Самех

113 Ненавіджу хісьлявых, але права Твае я люблю.
114 Ты схоў мой а шчыт мой; на слова Твае спадзяюся.
115 Адвярніцеся ад мяне ліхадзеі, і я буду дзяржаць расказаньні Бога свайго.
116 Паддзяржы мяне подле слова Свайго, каб я жыў, і няхай ня буду засаромлены ў спадзеве сваёй.
117 Паддзяржы мяне, і ўратуюся, і буду ўглядацца ў вуставы Твае кажначасна.
118 Ты ськідаеш усіх, што блудзяць ад уставаў Тваіх, бо мана іхная зводзе іх.
119 Ты прычыніўся, каб, як выгаркі, перасталі быць усі нягоднікі на зямлі: затым люблю сьветчаньні Твае.
120 Дрыжыць із страху Цябя цела мае, і судоў Тваіх я баюся.

Аін

121 Я рабіў праўду а суд; не пакінь мяне тым, што ўціскалі б мяне.
122 Будзь рукаемствам слузе свайму на дабро; няхай самадыйнікі ня ўціскаюць мяне.
123 Вочы мае выгасьлі, чакаючы спасеньня Твайго і слова справядлівасьці Твае.
124 Учыні із слугою Сваім подле міласэрдзя Свайго і ўставаў Сваіх наўчы мяне.
125 Я слуга Твой: дай імне цямлівасьць, і я пазнаю сьветчаньні Твае.
126 Пара дзеяць, СПАДАРУ: яны ўзрушылі права Твае.
127 Затым люблю расказаньні Твае над золата і над чыстае золата.
128 Затым усі загады, усі маю за пасьцівыя і кажную манлівую сьцежку ненавіджу.

Пе

129 Чудосныя сьветчаньні Твае, затым дзяржыць іх душа мая.
130 Уход слова Твайго асьвячае, ён даець розум простым.
131 Я адчыніў вусны свае і ўздыхаю, бо жадаю расказаньняў Тваіх.
132 Абярніся да мяне й зьмілуйся над імною подле рассудку Свайго тым, што любяць імя Твае.
133 Ступы мае ўладзь у слове Тваім і ня дай ніякаму бяспраўю панаваньня над імною.
134 Вывальні мяне з уціску людзкога, і я буду заховаваць загады Твае.
135 Зазьзяй відам Сваім над слугою Сваім і наўчы мяне ўставаў Сваіх.
136 Цур’і водаў цякуць із аччу маіх, бо яны не заховуюць права Твайго.

Цадэ

137 Справядлівы Ты, СПАДАРУ, і пасьцівыя суды Твае.
138 Справядлівыя сьветчаньні Твае, што Ты расказаў, і вельма верныя.
139 Рупатлівасьць мая есьць мяне, бо праціўнікі мае забыліся словы Твае.
140 Вельма пералітавана слова Твае, і слуга Твой любе яго.
141 Я малады а пагрэбаваны, загадаў Тваіх не забыўся.
142 Справядлівасьць Твая — справядлівасьць вечная, і права Твае — праўда.
143 Уціск а мучэньне стрэлі мяне; расказаньні Твае — любата мая.
144 Справядлівасьць сьветчаньняў Тваіх вечная, абдаруй мяне розумам, і я буду жыці.

Коф

145 Я гукаў усім сэрцам: адкажы імне, СПАДАРУ; уставы Твае захаваю.
146 Я гукаў да Цябе; вывальні мяне, і я буду заховаваць сьветчаньні Твае.
147 Ішоў я наўпярэймы золку і гукаў; я спадзяюся на слова Твае.
148 Вочы мае пераймалі старожы, каб размышляць праз слова Твае.
149 Пачуй гук мой подле міласэрдзя Свайго, СПАДАРУ, подле суду Свайго пажваў мяне.
150 Дабліжыліся тыя, што гоняцца за нягоднасьцяй; ад права Твайго яны здаляюцца.
151 Ты блізка, СПАДАРУ, і ўсі расказаньні Твае — праўда.
152 Здаўна я ведаю празь сьветчаньні Твае, бо на векі Ты іх заклаў.

Рэш

153 Глянь на гора мае й вывальні мяне, бо права Твайго я не забыўся.
154 Прычыніся за справу маю й адкупі мяне; пажваў мяне подле слова Свайго.
155 Далёка ад нягодных спасеньне, бо ўставаў Тваіх ня шукаюць.
156 Вялікая спагадлівасьць Твая, СПАДАРУ; подле загадаў Сваіх пажваў мяне.
157 Шмат перасьледаваньнікаў а праціўнікаў маіх; ад сьветчаньняў Тваіх не адхінаюся.
158 Я назіраў ізраднікаў, быў зьнемарашчаны, бо яны не дзяржалі слова Твайго.
159 Абач, бо загады Твае я люблю, СПАДАРУ; подле міласэрдзя Свайго пажваў мяне.
160 Праўда — галоўнае ў слове Тваім, і навекі суды Твае справядлівыя.

Шын

161 Князі перасьлядуюць мяне бязь віны; але слова Твайго лякаецца сэрца мае.
162 Цешуся із слова Твайго, як тый, што знайшоў вялікі здабытак.
163 Ману ненавіджу а грэбую ёю, але права Твае люблю.
164 Сем разоў удзень хвалю Цябе, бо суды Твае справядлівыя.
165 Супакой вялікі ў любячых права Твае, і нямаш ім спатыкненьня.
166 Спадзяюся спасеньня Твайго, СПАДАРУ, і расказаньні Твае паўню.
167 Заховуе душа мая сьветчаньні Твае і вельма любе іх.
168 Заховую расказаньні Твае а сьветчаньні Твае, бо ўсі дарогі мае перад Табою.

Таў

169 Няхай дабліжыцца галашэньне мае перад від Твой, СПАДАРУ; подле слова Свайго даруй мяне разуменьням.
170 Няхай прыйдзе маленьне мае перад від Твой; подле слова Твайго ратуй мяне.
171 Выкажуць вусны мае хвалу, бо Ты наўчыш мяне ўставаў Сваіх.
172 Язык мой будзе пяяць слова Твае, бо ўсі расказаньні Твае — справядлівасьць.
173 Няхай рука Твая будзе на помач імне, бо загады Твае я абраў.
174 Я жадаў спасеньня Твайго, СПАДАРУ, і права Твае — любата мая.
175 Жыві, душа мая, і хвалі Цябе, і няхай суды Твае памогуць імне.
176 Я зблудзіў, як згубленая авечка: шукай слугі Свайго, бо расказаньняў Тваіх я не забыўся.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Псалтыр, псальм 119

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.