Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Псальмаў 119 Псальм 119 (118)

Алілуя.
АЛЕФ

1 Шчасныя беззаганныя ў дарозе, якія ходзяць у законе Госпада.
2 Шчасныя, што пільнуюцца сведчанняў Яго і ўсім сэрцам імкнуцца да Яго.
3 Яны не ўчыняюць несправядлівасці, і ідуць Яго шляхамі.
4 Ты загадаў ім, каб моцна пільнаваліся загадаў Тваіх.
5 О, каб трывалымі былі мае дарогі для захавання сведчанняў Тваіх.
6 Тады я не пасаромлюся, калі буду зважаць на ўсе Твае загады.
7 Буду вызнаваць Цябе ў шчырасці сэрца, у тым, што я навучыўся судам справядлівасці Тваёй.
8 Буду захоўваць я пастановы Твае, не пакідай мяне ніколі.

БЭТ

9 Якім чынам юнак захавае чыстай дарогу сваю? Пільнуючыся слоў Тваіх.
10 Усім сэрцам маім шукаю я Цябе, зрабі так, каб я не адступіўся ад пастановаў Тваіх.
11 У сэрцы сваім берагу словы Твае, каб не грашыць супраць Цябе.
12 Дабраславёны Ты, Госпадзе; навучы мяне пастановам Тваім.
13 Вуснамі маімі палічыў я ўсе прысуды вуснаў Тваіх.
14 Адчуў я асалоду на дарозе сведчанняў Тваіх, як Тваіх найвялікшых багаццяў.
15 Спасцігаю прыказанні Твае і аглядаю шляхі Твае.
16 Буду захапляцца пастановамі Тваімі, не забуду словы Твае.

ГІМЭЛЬ

17 Рабі дабро слузе Твайму, і я буду жыць і пільнавацца слоў Тваіх.
18 Раскрый вочы мае, і я буду аглядаць цуды закону Твайго.
19 Госць я на зямлі, не хавай ад мяне загадаў Тваіх.
20 Змарнела душа мая ў імкненні да судоў Тваіх у любы час.
21 Паўшчуваў я пыхлівых, праклятыя, што адступаюцца ад загадаў Тваіх.
22 Аддалі ад мяне ганьбу і пагарду, бо пільнуюся я сведчанняў Тваіх.
23 Калі нават князі сядзяць і гавораць супраць мяне, слуга Твой будзе спасцігаць пастановы Твае.
24 Бо і сведчанні Твае — асалода мая, і парада мая — пастановы Твае.

ДАЛЕТ

25 Прынікла да пылу душа мая, ажыві мяне паводле слова Твайго.
26 Дарогі мае абвясціў я, і Ты выслухаў мяне, навучы мяне пастановам Тваім.
27 Дарогу прыказанняў Тваіх дай мне зразумець, і я буду спасцігаць цуды Твае.
28 Душа мая ў смутку роніць слёзы, хай кіруе мною слова Тваё.
29 Дарогу маны павярні ад мяне, а закон Твой дай мне прыхільна.
30 Дарогу праўды выбраў я, прысуды Твае паставіў я перад сабою.
31 Прынік я да сведчанняў Тваіх, Госпадзе; не пасарамаці мяне.
32 Дарогаю прыказанняў Тваіх пабягу, бо пашырыў Ты сэрца маё.

ГЭ

33 Усталюй закон мне, Госпадзе, дарогу пастановаў Тваіх, і я трымацца буду яе заўсёды.
34 Дай мне разуменне, і я буду выконваць закон Твой і пільнавацца яго ад усяго сэрца майго.
35 Вядзі мяне сцежкай загадаў Тваіх, бо я жадаю яе.
36 Нахіні сэрца маё да сведчанняў Тваіх, а не да нажывы.
37 Адвярні вочы мае, каб не глядзелі на марнасць; на дарозе Тваёй ажыві мяне.
38 Узнаві для слугі Твайго прырачэнне Тваё; яно — дзеля ўшанавання Твайго.
39 Ухілі ганьбу маю, якой я напалоханы, бо прысуды Твае спагадныя.
40 Вось жа жадаю я Тваіх пастаноў: па законнасці Тваёй ажыві мяне.

ВАЎ

41 Дык хай сыдзе на мяне міласэрнасць Твая, Госпадзе, збаўленне Тваё паводле Твайго прырачэння.
42 І дам я слова ў адказ тым, якія мяне зневажаюць, бо ўскладаю я надзею на словы Твае.
43 Не ўхіляй ніколі ад вуснаў маіх слова праўды, бо маю надзею ў рашэннях Тваіх.
44 І буду пільнавацца закону Твайго заўсёды, павечна і ў векі вечныя.
45 Ды буду хадзіць прасторнай [дарогай]; бо шукаю я прыказанняў Тваіх.
46 Буду гаварыць пра прыказанні Твае перад царамі і не пасаромеюся.
47 І буду захапляцца загадамі Тваімі, бо люблю іх.
48 Падымаю рукі мае да загадаў Тваіх, якія люблю; і буду спасцігаць пастанаўленні Твае.

ДЗАЙН

49 Помні пра слова Тваё слузе Твайму, якім Ты даў мне надзею.
50 Яно пацешыла мяне ў прыніжэнні маім, бо слова Тваё ажывіла мяне.
51 Пыхліўцы кпяць з мяне нахабна, але я ад закону Твайго не адступаю.
52 Помню і пра адвечныя суды Твае, Госпадзе, і яны цешаць мяне.
53 Абурэнне апанавала мяне праз грэшнікаў, што пакідаюць закон Твой.
54 Песнямі сталіся для мяне пастановы Твае ў месцы падарожжа майго.
55 І ноччу помню я імя Тваё, Госпадзе, і буду пільнавацца закону Твайго.
56 Гэта сталася са мною, што стаў выконваць я прыказанні Твае.

ГЭТ

57 Доля мая — Госпад: паабяцаў я пільнавацца слоў Тваіх.
58 Звярнуўся я малітоўна да аблічча Твайго ад усяго сэрца майго; злітуйся нада мной паводле Твайго прырачэння.
59 Абдумваю я шляхі свае і павяртаю ногі свае да Тваіх сведчанняў.
60 Паспяшаўся і не замарудзіў, каб пільнавацца загадаў Тваіх.
61 Аплялі мяне кругом путы грэшнікаў, а закону Твайго я не забыўся.
62 Устаю апоўначы, дзякаваць Табе за прысуды справядлівасці Тваёй.
63 Я саўдзельнік усіх тых, што шануюць Цябе і пільнуюцца прыказанняў Тваіх.
64 Поўная зямля міласэрнасці Тваёй, Госпадзе; навучы мяне пастановам Тваім.

ТЭТ

65 Дабрадзейства даў Ты слузе Твайму, Госпадзе, паводле слова Твайго.
66 Дабрачыннасці, разважнасці і веданню навучы мяне, бо паверыў я загадам Тваім.
67 Перш чым быў прыніжаны, блудзіў я, цяпер жа буду трымацца прырачэння Твайго.
68 Добры Ты і дабрачынны, навучы мяне пастановам Тваім.
69 Пыхліўцы плануюць подступы на мяне, а я ўсім сэрцам выконваю прыказанні Твае.
70 Атлусцела сэрца іх, быццам тук, а я захапляюся законам Тваім.
71 Добра для мяне, што быў я прыніжаны, каб навучыўся пастановам Тваім.
72 Лепш для мяне закон вуснаў Тваіх, чым тысячы золата і срэбра.
73 Рукі Твае стварылі мяне і аформілі мяне; дай мне разуменне, і я навучуся загадам Тваім.
74 Тыя, што шануюць Цябе, убачаць мяне і ўзвесяляцца, бо трывала ўсклаў я надзею на словы Твае.

ЁД

75 Спазнаў я, Госпадзе, што прысуды Твае — справядлівасць, і па справядлівасці прынізіў Ты мяне.
76 Калі будзе міласэрнасць Твая, каб суцешыць мяне, паводле прырачэння Твайго слузе Твайму.
77 Спашлі на мяне ласкі Твае, каб я мог жыць, бо закон Твой — асалода мая.
78 Хай пасаромеюцца пыхліўцы, бо падступна прыгняталі яны мяне, я буду спасцігаць прыказанні Твае.
79 Хай павернуцца да мяне тыя, што шануюць Цябе, і тыя, што пазналі сведчанні Твае.
80 Хай будзе сэрца маё беззаганнае ў пастановах Тваіх, і не пасаромлюся.

КАФ

81 Марнее, [прагнучы] збаўлення, душа мая, і трывала ўскладаю я надзею на слова Тваё.
82 Тупеюць вочы мае, [шукаючы] прырачэння Твайго, кажучы: «Калі Ты суцешыш мяне?»
83 Бо стаў я, як мех [скураны] у дыме, пастановаў жа Тваіх не забыўся.
84 Колькі дзён слугі Твайго? Калі ўчыніш суд над пераследнікамі маімі?
85 Накапалі для мяне ям пыхліўцы, і яны — не паводле закону Твайго.
86 Усе загады Твае — справядлівасць; падступна яны пераследы мне чынілі: успамажы мне.
87 Ледзь не забілі яны мяне на зямлі, але я не пакінуў прыказанняў Тваіх.
88 Паводле міласэрнасці Тваёй ухавай мяне жывым, а я захаваю напамінанні Твае.

ЛАМЕД

89 Навечна, Госпадзе, слова Тваё ўсталявана на небе.
90 На ўсе пакаленні — праўда Твая; умацаваў Ты зямлю, і яна трывае.
91 Паводле прысудаў Тваіх трывае яна сёння, бо ўсё служыць Табе.
92 Каб закон Твой не быў мне асалодай, тады я адразу прапаў бы ў прыніжанасці маёй.
93 Век не забуду прыказанні Твае, бо праз іх ажывіў Ты мяне.
94 Я Твой, збаў мяне, бо адшукаў я прыказанні Твае.
95 Цікуюць на мяне грэшнікі, каб загубіць мяне, я зразумеў сведчанні Твае.
96 Я ўбачыў абмежаванасць любой дасканаласці; загад Твой — бязмежна шырокі.

МЭМ

97 Як жа палюбіў я закон Твой, Госпадзе; цэлы дзень — роздум мой [пра яго].
98 Закон Твай зрабіў мяне разумнейшым за непрыяцеляў маіх, бо ён са мною навечна.
99 Стаўся я мудрэйшым за ўсіх тых, што вучылі мяне, бо сведчанні Твае — роздум мой.
100 Разумею я лепш за старцаў, бо выконваю прыказанні Твае.
101 Ад усякай ліхой дарогі ўстрымліваю я ногі мае, каб упільнавацца слова Твайго.
102 Ад прысудаў Тваіх я не ўхіляюся, бо Ты навучыў мяне.
103 Якія ж салодкія для паднябення майго прырачэнні Твае, лепш за мёд — для вуснаў маіх!
104 Праз прыказанні Твае атрымаў я разуменне; таму ненавіджу любую дарогу маны.

НУН

105 Паходня для ног маіх — слова Тваё і святло сцежкі маёй.
106 Даю я прысягу і пастанаўляю пільнавацца прысудаў справядлівасці Тваёй.
107 Прыніжаны я вельмі, Госпадзе; ажыві мяне паводле слова Твайго.
108 Хай будуць пажаданымі добразычлівасці вуснаў маіх, Госпадзе, і прысудам Тваім навучы мяне.
109 Жыццё маё заўсёды ў небяспецы, а законаў Тваіх я не забываюся.
110 Грэшнікі паставілі пастку на мяне, а я не зблудзіў ад прыказанняў Тваіх.
111 Сведчанні Твае — спадчына мая навечна, бо яны — радасць сэрца майго.
112 Схіліў я сэрца маё, каб чыніць пастановы Твае вечна, да канца.

САМЭК

113 Ненавіджу я двудушных, а люблю закон Твой.
114 Ты покрыва і шчыт мой, трывала ўсклаў я надзею на слова Тваё.
115 Адхіліцеся ад мяне ліхадзеі, і буду я выконваць загады Бога майго.
116 Падтрымай мяне паводле прырачэння Твайго, і я буду жыць; і не пасарамаці мяне ў чаканні маім.
117 Падмацуй мяне, і буду збаўлены, і буду захапляцца пастановамі Тваімі заўсёды.
118 Адцураешся Ты ўсіх адступнікаў ад пастановаў, бо задума іх — мана.
119 За шлак лічыш Ты ўсіх грэшнікаў зямлі; таму палюбіў я сведчанні Твае.
120 Трымціць ад страху Твайго цела маё; баюся я судоў Тваіх.

АЙН

121 Учыніў я суд і справядлівасць; не выдавай мяне тым, што ўзводзяць паклёп на мяне.
122 Забяспеч слугу свайго дабром, каб не ўзводзілі паклёп на мяне пыхліўцы.
123 Вочы мае стамляюцца ад чакання дапамогі Тваёй і справядлівых прырачэнняў Тваіх.
124 Учыні са слугой Сваім паводле міласэрнасці Тваёй і навучы мяне пастановам Тваім.
125 Слуга Твой я; дай мне разуменне, каб ведаў я сведчанні Твае.
126 Пара дзейнічаць, Госпадзе, бо расцерушылі закон Твой.
127 Дзеля таго люблю я загады Твае больш за чыстае золата,
128 таму кіраваўся я ва ўсім прыказаннямі Тваімі, узненавідзеў любую дарогу маны.

ФЭ

129 Дзівосныя сведчанні Твае, трымалася іх душа мая.
130 Абвяшчэнне слоў Тваіх прасвятляе і дае разуменне малым.
131 Раскрываю вусны мае і ўцягваю паветра, бо прагну загадаў Тваіх.
132 Павярніся да мяне і злітуйся нада мной паводле прысуду Твайго для тых, што любяць імя Тваё.
133 Накіроўвай крокі мае паводле прырачэння Твайго, і не запануе нада мною аніякая несправядлівасць.
134 Адкупі мяне ад паклёпаў людскіх, каб пільнаваўся я прыказанняў Тваіх.
135 Прасвятлі аблічча Тваё на слугу Твайго і навучы мяне пастановам Тваім.
136 Ручаі слёз выцякаюць з вачэй маіх, бо не пільнуюцца яны закону Твайго.

САДЭ

137 Справядлівы Ты, Госпадзе, і праўдзівы суд Твой.
138 Перадаў Ты ў справядлівасці сведчанні Твае ў чыстай праўдзе.
139 Марнуе мяне руплівасць мая, бо забываюцца пра словы Твае непрыяцелі мае.
140 Прырачэнне Тваё надзвычай агністае, і слуга Твой палюбіў яго.
141 Малюсенькі я і занядбаны, прыказанняў Тваіх не забыўся.
142 Твая справядлівасць — вечная справядлівасць, і закон Твой — праўда.
143 Бяда і ўціск наваліліся на мяне, загады Твае — асалода мая.
144 Сведчанні Твае — вечная справядлівасць; дай мне разуменне, і я буду жыць.

КОФ

145 Крычу я ад усяго сэрца майго: выслухай мяне, Госпадзе; выканаць хачу пастановы Твае.
146 Крычу я да Цябе: збаў мяне, і буду выконваць загады Твае.
147 Апярэджваю я раніцу і клікаю, трывала ўскладаю надзею на словы Твае.
148 Апярэдзяць вочы мае світанне, каб абдумаць мне прырачэнні Твае.
149 Пачуй голас мой паводле міласэрнасці Тваёй, Госпадзе, паводле прысуду Твайго ажыві мяне.
150 Наблізіліся тыя, што пераследуюць мяне ў ліхасці, але ад закону Твайго аддаліліся яны.
151 Блізка Ты, Госпадзе, і ўсе загады Твае — праўда.
152 Ад пачатку даведаўся я пра сведчанні Твае, што заснаваў Ты іх навечна.

РЭС

153 Паглядзі на прыніжэнне маё і вырві мяне; бо закону Твайго я не забыўся.
154 Рассудзі справу маю і адкупі мяне, пры дапамозе прырачэння Твайго ажыві мяне.
155 Далёка збаўленне ад грэшнікаў, бо яны не адшукалі пастановаў Тваіх.
156 Вялікая Твая, Госпадзе, міласэрнасць, паводле прысуду Твайго ажыві мяне.
157 Многа пераследуючых мяне і засмучаючых мяне; ад напамінаў Тваіх я не ўхіляюся.
158 Бачу я адступнікаў і брыджуся, бо прырачэнняў Тваіх яны не берагуць.
159 Госпадзе, люблю Твае прыказанні, з міласэрнасці ўхавай мяне жывым.
160 Аснова слоў Тваіх — праўда, і вечныя ўсе прысуды справядлівасці Тваёй.

СІН

161 Князі чыняць пераслед мне без прычыны, а сэрца маё шануе слова Тваё.
162 Весялюся з прырачэнняў Тваіх, як тыя, што натрапілі на вялікую здабычу.
163 Ненавіджу я ману і брыджуся; але Твой закон люблю.
164 Сем разоў на дзень хвалю Цябе за справядлівыя прысуды Твае.
165 Шчодры супакой тым, што любяць закон Твой, і няма для іх спакушэння.
166 Маю надзею на дапамогу Тваю, Госпадзе, і выконваю загады Твае.
167 Дапільнавалася душа мая сведчанняў Тваіх, і палюбіў я іх надзвычайна.
168 Выконваю прыказанні Твае і сведчанні Твае, бо ўсе дарогі мае на віду ў Цябе.

ТАЎ

169 Хай наблізіцца маленне маё да Цябе, Госпадзе; згодна з словам Тваім дай мне разуменне.
170 Хай дойдзе да Цябе маленне маё; паводле прырачэння Твайго вызвалі мяне.
171 Выпусцяць гімн вусны мае, калі навучыш мяне пастановам Тваім.
172 Хай апявае язык мой прырачэнне Тваё, бо ўсе загады Твае — справядлівасць.
173 Хай рука Твая станецца такой, каб успамагала мне, бо выбраў я прыказанні Твае.
174 Запрагнуў я збаўлення Твайго, Госпадзе, і закон Твой — асалода мая.
175 Хай жыве душа мая і хваліць Цябе, і прысуды Твае ўспамагаюць мне.
176 Блукаю я, як авечка, што прапала; шукай слугу Твайго, бо загадаў Тваіх я не забываюся.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Псальмаў, псальм 119

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017