Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Псальмаў 139 Псальм 139 (138)

1 Кіраўніку хору. Давідаў. Псальм. Госпадзе, Ты выпрабаваў і ведаеш мяне,
2 Ты ведаеш мяне, калі сяджу і калі падымаюся. Ты разумееш думкі мае здалёк,
3 Ты бачыш, калі я хаджу і калі кладуся. І ўсе дарогі мае Ты праглядаеш,
4 бо няма яшчэ слова на языку маім — і вось, Госпадзе, Ты пра ўсё ведаеш.
5 Абхапляеш Ты мяне ззаду і спераду, і кладзеш на мяне руку Тваю.
6 Вельмі дзівосным сталася Тваё веданне адносна мяне, узнёслае, і не спасцігну яго.
7 Куды пайду я ад Духа Твайго, і куды ўцяку ад аблічча Твайго?
8 Калі пайду ў неба, Ты там; калі спушчуся ў цемру, Ты там прабываеш.
9 Хоць бы ўзяў крылы зараніцы, хоць бы апынуўся на ўскрайках мора,
10 нават там вяла б мяне рука Твая, і трымала б мяне правіца Твая.
11 Калі скажу: «Можа, цемра пакрые мяне і ноч будзе святлом вакол мяне»,
12 нават цемра не будзе скрытай ад Цябе, і ноч, як дзень, не асвятліцца — як цемра Яго, так і святло Яго.
13 Бо Ты сфармаваў мае ныркі, заснаваў Ты мяне ў жываце маці маёй.
14 Буду вызнаваць Цябе, што так дзівосна створаны я; дзівосныя справы Твае, і душа мая добра ведае [гэта].
15 Не былі ўхаваныя ад Цябе косці мае, хаця я створаны быў таемна, сфармаваны ў глыбінях зямлі.
16 Зародак мой бачылі, вочы Твае, і ў кнізе Тваёй былі запісаны ўсе дні: яны былі ўпарадкаваны, ды яшчэ аніводнага з іх не было.
17 Для мяне ж незвычайна каштоўныя задумы Твае, Божа; надзвычай вялікая колькасць іх.
18 Калі б пералічыў, дык болей іх, чым пяску, калі б дабраўся да канца, я ўсё яшчэ з Табою.
19 Хаця б Ты, Божа, знішчыў грэшнікаў; ухіліцеся ад мяне, прагныя крыві.
20 Яны прамаўляюць ліхое супраць Цябе: узносяцца дарэмна супраць Цябе
21 Ці ж мне не ўзненавідзець тых, што зненавідзелі Цябе, і ці не адцурацца мне тых, што бунтуюць супраць Цябе?
22 Страшнаю нянавісцю ненавіджу я іх, непрыяцелямі сталі яны для мяне.
23 Правер мяне, Госпадзе, і ўведай сэрца маё, выпрабуй мяне, пазнай сцежкі мае
24 і пабач, ці ёсць ува мне дарога марнасці, і выведзі мяне дарогай вечнай.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Псальмаў, псальм 139

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017