Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Псальмаў 96 Псальм 96 (95)

1 Спявайце Госпаду новую песню, спявай Госпаду, уся зямля.
2 Спявайце Госпаду, дабраслаўляйце імя Яго, абвяшчайце з дня ў дзень Яго збаўленне.
3 Абвяшчайце між паганамі хвалу Яго, сярод усіх народаў — цуды Яго.
4 Бо вялікі ёсць Госпад, і годны хвалы бязмежнай, варты ўшанавання больш за ўсіх багоў.
5 Бо ўсе паганскія багі — марнасць, Госпад жа стварыў нябёсы.
6 Велічнасць і прыгажосць перад абліччам Яго, магутнасць і аздоба — у свяцілішчы Яго.
7 Прыносьце Госпаду, сем’і народаў, прыносьце Госпаду хвалу і магутнасць,
8 Прыносьце Госпаду хвалу імя Яго. Прыносьце ахвяры і ўваходзьце ў дзядзінец Яго.
9 Пакланіцеся Госпаду са святой урачыстасцю. Трымці перад абліччам Яго, уся зямля.
10 Кажыце сярод народаў: Госпад заваладарыў, бо Ён выправіў сусвет, які не пахіснецца; будзе судзіць Ён народы па справядлівасці.
11 Хай весяляцца нябёсы і радуецца зямля, хай шуміць мора і ўсё, што яго запаўняе.
12 Хай цешацца палі і ўсё, што на іх. Тады ўзрадуюцца ўсе лясныя дрэвы,
13 перад абліччам Госпада, бо Ён прыходзіць, бо Ён прыходзіць судзіць зямлю. Будзе Ён судзіць сусвет справядліва і народы паводле Сваёй праўды.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Псальмаў, псальм 96

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017