Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Псальмаў 135 Псальм 135 (134)

1 Алілуя. Хваліце імя Госпада, хваліце, слугі Госпадавы,
2 вы, што стаіце ў доме Госпадавым, на дзядзінцы дому Бога нашага.
3 Хваліце Госпада, бо Госпад добры; спявайце псальмы імю Яго, бо яно мілае.
4 Бо Госпад выбраў сабе Якуба, Ізраэля на ўласнасць Сваю.
5 Бо я спазнаў, што вялікі Госпад, і Бог наш [вышэйшы] за ўсіх багоў.
6 Усё, што толькі захоча Госпад, здзейсніць Ён на небе і на зямлі, на моры і ва ўсіх глыбінях вадзяных.
7 Прыганяе хмары з канца зямлі, выклікае дождж маланкамі; выводзіць Ён вятры з клецяў Сваіх.
8 Ён перабіў першынцаў у Егіпце, так людзей, як і жывёлу.
9 Паказаў знакі і цуды пасярод цябе, Егіпет, для фараона і для ўсіх слуг яго.
10 Ён перабіў многа народаў паганскіх і забіў цароў дужых:
11 Сэгона, цара амарэяў, і Ога, цара Басана і ўсе царствы Ханаанскія.
12 А зямлю іх перадаў на пасяленне, на пасяленне Ізраэлю, Свайму народу.
13 Госпадзе, вечнае імя Тваё; памяць пра Цябе — на ўсе пакаленні.
14 Бо Госпад апякуецца над народам Сваім і злітуецца над слугамі Сваімі.
15 Ідалы паганаў — гэта срэбра і золата, творы рук людскіх:
16 маюць вусны, а не гавораць; маюць вочы, а не бачаць;
17 маюць вушы, а не чуюць, і няма подыху ў вуснах іх.
18 Падобнымі да іх ёсць тыя, што іх робяць, кожны, што спадзяюцца на іх.
19 Доме Ізраэля, дабраслаўляйце Госпада; доме Аарона, дабраслаўляйце Госпада;
20 доме Леві, дабраслаўляйце Госпада; вы, што шануеце Госпада, дабраслаўляйце Госпада!
21 Дабраславёны Госпад з Сіёна, Які жыве ў Ерузаліме. Алілуя.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Псальмаў, псальм 135

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017