Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Псальмаў 109 Псальм 109 (108)

1 Кіраўніку хору. Давідаў. Псальм. Божа хвалы маёй, не маўчы;
2 бо вусны грэшніка і вусны падступнага разяўлены на мяне. Прамаўляюць супраць мяне языкі падступныя.
3 І словам нянавісці акружылі мяне, і напалі на мяне без прычыны.
4 За любоў маю яны варагавалі са мною; а я маліўся,
5 І адплацілі мне ліхам за дабро і нянавісцю за любоў.
6 Проці яго пастаў грэшніка, а праціўнік хай стане праваруч яго.
7 Калі будуць яго судзіць, хай выйдзе асуджаным, і малітва яго хай залічыцца яму за грэх.
8 Хай дні яго будуць нямногія, і пасаду яго атрымае хто іншы.
9 Хай сыны яго стануць сіротамі, а жонка яго — удавой.
10 Хай дзеці яго бадзяюцца непрыкаяныя, і хай жабруюць, і хай будуць гнаныя з руін сваіх.
11 Хай ліхвяр захопіць усю маёмасць яго, і хай чужынцы разрабуюць [плён] працы яго.
12 Хай не будзе нікога, хто б праявіў міласэрнасць да яго, хай не будзе нікога, хто б злітаваўся над сіротамі яго.
13 Хай дзеці яго пойдуць на пагібель і хай у адзіным пакаленні знішчыцца імя яго.
14 Хай прыйдзе на памяць правіннасць продкаў яго перад Госпадам, і грэх маці яго хай не будзе адпушчаны.
15 Хай будуць яны заўсёды на вачах Госпада ды хай Ён сатрэ з зямлі памяць пра іх.
16 За тое, што не ўспамінаў ён чыніць міласэрнасць, што пераследаваў чалавека ўбогага і жабрака, і параненага сэрцам, каб замардаваць яго.
17 І ўзлюбіў ён паклёп, дык хай спадзе на яго; не хацеў дабраславення, дык хай яно аддаліцца ад яго.
18 І адзеўся ён у паклёп, як у вопратку: і няхай прасочыцца ён у нутро яго, як вада ды, быццам алей, у яго косці.
19 Хай ён будзе яму, як адзенне, што адкрывае яго, і як пояс, якім ён падпяразваецца.
20 Гэта адплата тым, якія прыцясняюць мяне ў Госпадзе і якія прамаўляюць ліхое супраць душы маёй.
21 Але Ты, Госпадзе, Госпадзе, чыні разам са мной дзеля імя Твайго, вызвалі мяне, бо спагадная міласэрнасць Твая;
22 бо я няшчасны і бедны, і сэрца маё скалечана ўва мне.
23 Як цень, калі схіляецца, прамінуў я, трасуць мяне, як саранчу.
24 Калені мае саслабелі ад посту, а цела маё схуднела без алею.
25 І я стаў для іх пасмешышчам: убачылі яны мяне і сталі ківаць галовамі сваімі.
26 Успамажы, Госпадзе, Божа мой, ратуй мяне дзеля Сваёй міласэрнасці.
27 І хай знаюць, што гэта Твая рука: Ты, Госпадзе, гэта ўчыніў.
28 Хай яны праклінаюць, але Ты дабраслаўляй; хай тыя, што паўстаюць супраць мяне, хай пасаромеюцца, а слуга Твой будзе весяліцца.
29 Тыя, што шкодзяць мне, хай пакрыюцца ганьбай ды хай ахінуцца сорамам, быццам плашчом.
30 Ад душы буду вызнаваць Госпада вуснамі маімі ды сярод многіх буду славіць Яго,
31 бо стаў Ён праваруч беднага, каб збавіць яго ад тых, што судзяць душу яго.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Псальмаў, псальм 109

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017