1 Не нам, Госпадзе, не нам, але імю Свайму дай хвалу за Тваю міласэрнасць і за Тваю праўду.
2 Чаму мелі б казаць паганы: «Дзе ж Бог іх?»
3 Бог наш на небе, усё, што захацеў, зрабіў.
4 Ідалы іх срэбра і золата, стварэнне людскіх рук.
5 Вусны маюць, ды не гавораць, вочы маюць, ды не бачаць.
6 Вушы маюць, ды не чуюць, ноздры маюць, ды не адчуваюць паху.
7 Рукі маюць, ды не ўспрымаюць на дотык, ногі маюць, ды не ходзяць; горлам сваім не пададуць голасу.
8 Будуць падобныя да іх тыя, што майструюць іх [балванаў], і ўсе, што вераць у іх.
9 Дом Ізраэля мае надзею ў Госпадзе: Ён іх успамога і абарона.
10 Дом Аарона мае надзею ў Госпадзе: Ён іх успамога і абарона.
11 Тыя, што шануюць Госпада, ускладаюць надзею на Госпада: Ён іх успамога і абарона.
12 Госпад памятаў пра нас і будзе дабраслаўляць нас: будзе дабраслаўляць Ён дом Ізраэля, будзе дабраслаўляць Ён дом Аарона,
13 будзе дабраслаўляць Ён усіх, хто шануюць Госпада, — як малых, так і вялікіх.
14 Хай Госпад памнажае вас, вас і сыноў вашых.
15 Дабраславёныя вы Богам, Які стварыў неба і зямлю.
16 Нябёсы, нябёсы — у Бога, зямлю ж даў для сыноў чалавечых.
17 Не мёртвыя хваліць будуць Цябе, Госпадзе, ані ўсе тыя, што сыходзяць у маўчанне,
18 а мы, жывыя, дабраслаўляем Госпада з гэтага [часу], цяпер і вечна.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Кніга Псальмаў, псальм 115
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017
