Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Псальмаў 86 Псальм 86 (85)

1 Просьба. Давідаў. Нахіні, Госпадзе, вуха Тваё і выслухай мяне, бо ўбогі я і бедны.
2 Сцеражы душу маю, бо я цнатлівы, збаў слугу Твайго, Божа мой, які ўскладае надзею на Цябе.
3 Злітуйся нада мной, Госпадзе, бо да Цябе ўсклікаў я цэлы дзень.
4 Узвесялі душу Твайго слугі, бо да Цябе, Госпадзе, узвысіў я душу маю.
5 Бо Ты ж, Госпадзе, добры і ласкавы, і вялікая міласэрнасць [Твая] да ўсіх, што прызываюць Цябе.
6 Успрымі вушамі, Госпадзе, малітву маю і звярні ўвагу на голас малення майго.
7 У дзень бяды маёй клічу я Цябе, бо ведаю, што Ты выслухаеш мяне.
8 Няма Табе, Госпадзе, роўнага між багоў і няма нічога [такога ж], як справы Твае.
9 Прыйдуць усе народы, якія Ты стварыў, і паклоняцца Табе, Госпадзе, і славіць будуць яны Тваё імя.
10 Бо вялікі Ты і творыш цуды. Ты толькі адзін Бог.
11 Навучы мяне, Госпадзе, шляху Твайму, і буду хадзіць я ў праўдзе Тваёй; зрабі шчырым сэрца маё, каб шанавала яно імя Тваё.
12 Буду вызнаваць Цябе, Госпадзе, усім сэрцам маім і буду вечна праслаўляць імя Тваё,
13 бо міласэрнасць Твая да мяне вялікая і вырваў Ты душу маю з пекла апраметнага.
14 Божа, пыхліўцы паўсталі супраць мяне, і зграя моцных шукае душу маю; і не паставілі яны Цябе перад сабою.
15 А Ты, Госпадзе, Бог міласэрны і літасцівы, і цярплівы, вялікай спагаднасці і праўды,
16 глянь на мяне і злітуйся нада мною, дай сілу Тваю слузе Твайму і збаў сына служанкі Сваёй.
17 Учыні са мною знак на дабро, каб убачылі тыя, што ненавідзяць мяне, і пасаромеліся, бо Ты, Госпадзе, дапамог мне і пацешыў мяне.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Псальмаў, псальм 86

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017