Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Псальмаў 45 Псальм 45 (44)

1 Кіраўніку хору. На мелодыю “Лілія”. Сыноў Корэ. Маскіль, вясельная. Песня кахання.
2 Вымавіла сэрца маё добрае слова, распавядаю я пра творы мае цару; язык мой — пяро пісара, які спрытна піша.
3 Прыгажэйшы ты выглядам між сыноў людскіх, разлілася ласка на тваіх вуснах, таму дабраславіў цябе Бог павечна.
4 Прыперажы меч твой да паясніцы тваёй, о наймагутнейшы, — гонар твой і красу!
5 У красе тваёй выйдзі наперад, узыдзі на калясніцу дзеля праўды, літасцівасці і справядлівасці, і хай кіруе табою мужная твая правіца,
6 народы падаюць перад табою. Стрэлы твае вострыя — у сэрцы ворагаў цара.
7 Пасад Твой, Божа, на векі вечныя, і жазло справядлівасці — жазло валадарства Твайго.
8 Узлюбіў Ты справядлівасць і ўзненавідзеў беззаконне, таму намасціў цябе, Божа, Бог твой алеем радасці больш за супольнікаў тваіх.
9 Міра, алой і касія — на ўсёй адзежы тваёй, з дамоў слановай косці лютні весяляць цябе.
10 Царскія дочкі — сярод скарбаў тваіх; стаіць царыца праваруч цябе, прыбраная ў золата з Афіра.
11 Слухай, дачка, глянь і нахілі вуха тваё, і забудзься пра народ твой і пра дом бацькоў тваіх,
12 цар прагне прыгажосці тваёй. Паколькі ён — валадар твой, пакланіся яму.
13 Дачка Тыру — з падарункамі, багацеі з народа шукаюць у цябе ласкавасці.
14 Надзвычайна славутая дачка цара — унутры, агорнутая залатымі тканінамі.
15 У шматколернай вопратцы прыводзяць яе да цара; дзевы, яе сяброўкі, следам за ёй ідуць да цябе.
16 Ідуць яны ў весялосці і радасці, прыводзяць іх у дом цара.
17 Месца тваіх бацькоў зоймуць твае сыны, установіш ты іх князямі над усёй зямлёй.
18 Я зраблю памятным імя Тваё з роду ў род, і дзеля таго вызнаваць Цябе будуць народы вечна і на векі вечныя.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Псальмаў, псальм 45

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017