Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Псальмаў 138 Псальм 138 (137)

1 Давідаў. Буду вызнаваць Цябе, Госпадзе, усім сэрцам маім, бо пачуў Ты словы вуснаў маіх. На віду ў анёлаў спяваць псальмы Табе буду,
2 Пакланюся Табе ў хораме Тваім святым; буду вызнаваць імя Тваё за міласэрнасць Тваю і праўду Тваю, бо ўзвялічыў Ты вышэй за ўсё імя прырачэння Твайго.
3 Калі прызываў я Цябе, выслухаў Ты мяне; памножыў Ты магуцце душы маёй.
4 Будуць дзякаваць Табе ўсе цары зямныя, калі пачуюць яны прырачэнні вуснаў Тваіх.
5 І апяваць будуць дарогі Госпада, бо вялікая слава Госпада;
6 бо высокі Госпад і спагадае пакорнаму, а ганарыстага пазнае здалёк.
7 Калі апынуся я ў вялікай бядзе, Ты ажывіш мяне; і супраць гневу непрыяцеляў маіх працягнеш руку Тваю, і збавіць мяне правіца Твая.
8 Госпад зробіць за мяне. Госпадзе, міласэрнасць Твая вечная: не пагарджай творамі рук Тваіх.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Псальмаў, псальм 138

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017