1 Кіраўніку хору. Псалом Давіда. Божа, Ты мяне выпрабаваў і пазнаў мяне.
2 Ты пазнаў, калі я сядаю і калі ўстаю; думкі мае Ты зразумеў здалёку.
3 Ты выведаў сьцежку маю і шлях мой і ўсе дарогі мае прадбачыў.
4 Бо няма няшчырасьці на языку маім. Вось Ты, Госпадзе, пазнаў усё — апошняе і старадаўняе.
5 Ты стварыў мяне і паклаў на мяне руку сваю.
6 Твая веда зьдзіўляе мяне: яна цяжкая, я ня ў змозе спасьцігнуць яе.
7 Куды пайду ад духу Твайго і куды ўцяку ад твару Твайго?
8 Калі ўзыду на неба, Ты там; у апраметную спушчуся, і там Ты прысутны.
9 Калі зранку вазьму крылы мае і пасялюся на краі мора —
10 і там рука Твая павядзе мяне і правіца Твая падтрымае мяне.
11 І сказаў я: «Можа, цемра схавае мяне?» Але і ноч — сьвятло ў раскошы маёй,
12 бо і цемра ня цёмная ў Цябе, і ноч стане сьветлай, як дзень: як цемра яе, так і сьвятло яе.
13 Бо Ты, Госпадзе, заўладаў нутром маім, ад улоньня маці маёй Ты дапамагаў мне.
14 Буду славіць Цябе, бо Ты дзівосны бяз меры, творы Твае годныя подзіву, і душа мая добра ведае гэта.
15 Не схаваная ад Цябе косьць мая, якую Ты патаемна стварыў, і існасьць мая ў нетрах зямлі.
16 Недасканалым бачылі мяне вочы Твае, і ў кнізе Тваёй будуць запісаныя ўсе, пазначаныя дні, калі будуць утвораныя, а ніхто з іх яшчэ не існаваў.
17 Вельмі пачэснымі для мяне сталі прыяцелі Твае, Божа: добра ўмацавалася ўлада іх.
18 Палічу іх, і стане іх больш, як пяску. Я ўстаў і дасюль яшчэ з Табою.
19 О, калі б Ты, Божа, паразіў бязбожных! Мужы крыві, адыдзіце ад мяне,
20 бо вы дзёрзкія ў задумах вашых! Але дарэмна будуць яны браць месты Твае!
21 Ці ж не ўзьненавідзеў я, Госпадзе, тых, што ненавідзяць Цябе? І ці не змарнеў я праз ворагаў Тваіх?
22 Я ўзьненавідзеў іх нянавісьцю вялікай, яны сталі мне ворагамі.
23 Выпрабуй мяне, Божа, і пазнай сэрца маё; выпрабуй мяне і пазнай сьцежкі мае;
24 і глянь, ці ёсьць шлях беззаконьня ўва мне, і накіруй мяне на шлях вечны.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Псалтыр Давіда, псальм 138

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.