Псалтыр 138 псалом

Псалтыр
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Аляксандара Надсана

 
 

Кіроўцу хору. Псальма Давідава. Госпадзе! Ты выпрабаваў мяне і ведаеш.
 
Кіраўніку хору. Псалом Давіда. Божа, Ты мяне выпрабаваў і пазнаў мяне.

Ты ведаеш, калі я сядаю і калі ўстаю; Ты разумееш думкі мае здалёк.
 
Ты пазнаў, калі я сядаю і калі ўстаю; думкі мае Ты зразумеў здалёку.

Ці іду я, ці адпачываю, — Ты акружаеш мяне і ўсе дарогі мае Табе вядомыя.
 
Ты выведаў сьцежку маю і шлях мой і ўсе дарогі мае прадбачыў.

Яшчэ слова няма на мове маёй, — Ты, Госпадзе, ужо ведаеш яго дасканала.
 
Бо няма няшчырасьці на языку маім. Вось Ты, Госпадзе, пазнаў усё — апошняе і старадаўняе.

Ззаду і сьпераду атачыў Ты мяне і кладзеш на мяне руку Тваю.
 
Ты стварыў мяне і паклаў на мяне руку сваю.

Дзіўнае мне Тваё веданьне — высока, дасягнуць яго не магу!
 
Твая веда зьдзіўляе мяне: яна цяжкая, я ня ў змозе спасьцігнуць яе.

Куды пайду ад Духа Твайго, ад аблічча Твайго куды ўцяку?
 
Куды пайду ад духу Твайго і куды ўцяку ад твару Твайго?

Ці на неба ўзыду — Ты там; ці сыду ў апраметную — і там Ты.
 
Калі ўзыду на неба, Ты там; у апраметную спушчуся, і там Ты прысутны.

Ці вазьму крылы золку і перасялюся на край мора, —
 
Калі зранку вазьму крылы мае і пасялюся на краі мора —

і там рука Твая мяне павядзе, і ўтрымае мяне правіца Твая.
 
і там рука Твая павядзе мяне і правіца Твая падтрымае мяне.

Ці скажу: можа, цемра ўкрые мяне, і сьвятло навокал мяне зробіцца ноччу;
 
І сказаў я: «Можа, цемра схавае мяне?» Але і ноч — сьвятло ў раскошы маёй,

але і цемра Цябе ад мяне не зацемрыць, і ноч сьветлая, быццам дзень; як цемра, так і сьвятло.
 
бо і цемра ня цёмная ў Цябе, і ноч стане сьветлай, як дзень: як цемра яе, так і сьвятло яе.

Бо Ты ўладзіў вантробы мае і выткаў мяне ў чэраве маці маёй.
 
Бо Ты, Госпадзе, заўладаў нутром маім, ад улоньня маці маёй Ты дапамагаў мне.

Слаўлю Цябе, бо я дзівосна зладжаны. Дзівосныя дзеі Твае, і душа мая ўсьведамляе гэта,
 
Буду славіць Цябе, бо Ты дзівосны бяз меры, творы Твае годныя подзіву, і душа мая добра ведае гэта.

Не схаваны былі ад Цябе косткі мае, калі мяне ў таямніцы стваралі, складалі мяне ў глыбіні нутрыны.
 
Не схаваная ад Цябе косьць мая, якую Ты патаемна стварыў, і існасьць мая ў нетрах зямлі.

Зародак мой бачылі вочы Твае; у Тваёй кнізе запісаны ўсе дні, мне назначаныя, калі ніводнага зь іх яшчэ ня было.
 
Недасканалым бачылі мяне вочы Твае, і ў кнізе Тваёй будуць запісаныя ўсе, пазначаныя дні, калі будуць утвораныя, а ніхто з іх яшчэ не існаваў.

Якія ўзьнёслыя для мяне намеры Твае, Божа, і як многа іх лікам!
 
Вельмі пачэснымі для мяне сталі прыяцелі Твае, Божа: добра ўмацавалася ўлада іх.

Ці ж палічу іх, калі іх больш, чым пяску, калі прачынаюся, я ўсё Яшчэ з Табою.
 
Палічу іх, і стане іх больш, як пяску. Я ўстаў і дасюль яшчэ з Табою.

О, калі б Ты, Божа, пабіў бязбожнага! Адыдзеце ад мяне, крыважэрныя!
 
О, калі б Ты, Божа, паразіў бязбожных! Мужы крыві, адыдзіце ад мяне,

Яны гавораць супроць Цябе бязбожна; марнае намышляюць ворагі Твае.
 
бо вы дзёрзкія ў задумах вашых! Але дарэмна будуць яны браць месты Твае!

Ці ж мне ненавідзець Тваіх ненавісьнікаў, Госпадзе, і не пагрэбаваць тымі, што паўстаюць на Цябе?
 
Ці ж не ўзьненавідзеў я, Госпадзе, тых, што ненавідзяць Цябе? І ці не змарнеў я праз ворагаў Тваіх?

Поўнаю нянавісьцю ненавіджу іх; ворагі яны мне.
 
Я ўзьненавідзеў іх нянавісьцю вялікай, яны сталі мне ворагамі.

Выпрабуй мяне, Божа, і ўведай сэрца маё; выпрабуй мяне, і ўведай намеры мае.
 
Выпрабуй мяне, Божа, і пазнай сэрца маё; выпрабуй мяне і пазнай сьцежкі мае;

і глядзі, ці дарога мая бясьпечная, і накіруй мяне на шлях вечны.
 
і глянь, ці ёсьць шлях беззаконьня ўва мне, і накіруй мяне на шлях вечны.